Беларускія ўніверсітэты ўпалі ў міжнародным рэйтынгу
Студэнты ў Беларусі / Еўрарадыё
Беларускія ўніверсітэты ўпалі ў аўтарытэтным міжнародным рэйтынгу QS World University Rankings. У канцы чэрвеня складальнікі спісу апублікавалі дадзеныя да 2023-2024 навучальнага года.
Лепшая з беларускіх ВНУ — БДУ — страціла 99 пазіцый і апусцілася на 387 месца. Гэта адзіны ўніверсітэт нашай краіны, які ўваходзіць у топ-500 рэйтынгу.
Усяго ж у чарце прысутнічаюць тры беларускія ВНУ. І пазіцыі двух астатніх таксама не палепшыліся. БНТУ вываліўся з групы 751-800 у наступную — 801-850, дзе ён знаходзіўся з 2019 па 2021 год. А БДУІР і ўвогуле праваліўся ў хвост рэйтынгу. Універсітэт, які рыхтуе айцішнікаў, зараз у групе 1201-1400. З 1497 улічаных ВНУ.
Чаму так адбылося?
"Настаўніцкая" тлумачыць, што сёлета складальнікі рэйтынгу выкарыстоўвалі новую метадалогію. Была зменшаная вага ранейшых крытэрыяў, у тым ліку і "суадносіны студэнтаў і выкладчыкаў", дзе былі традыцыйна моцныя нашыя ўніверсітэты. Таксама былі дададзеныя новыя крытэрыі: "вынікі працаўладкавання выпускнікоў", "міжнароднае навуковае супрацоўніцтва" і "ўстойлівасць". Яны і абрынулі рэйтынгі нашых універсітэтаў.
Напрыклад, крытэрый "міжнароднае навуковае супрацоўніцтва" не мог не пацягнуць нашы ВНУ ўніз, бо Беларусь знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.
Хто ўзначальвае рэйтынг?
Лепшыя ўніверсітэты свету знаходзяцца ў ЗША і Вялікабрытаніі. Узначальвае спіс Масачусецкі тэхналагічны ўніверсітэт — ён у топе ўжо больш за 10 гадоў запар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.