Беларускія вайскоўцы згуляюць у Кіеве ў валейбол і шашкі

Вайскоўцы параднага разліку Ўзброеных сілаў Беларусі прыбылі сёння ў Кіеў. Яны будуць удзельнічаць у парадзе войскаў з нагоды 65-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Беларусь прадстаўляюць 122 курсанты і 14 афіцэраў Ваеннай акадэміі. Беларускія, а таксама расійскія вайскоўцы размесцяцца ў асобным Наварасійск-Кіеўскім палку прэзідэнта Ўкраіны. Менавіта там яны будуць жыць і рыхтавацца сумесна з украінскімі калегамі да ўдзелу ў вайсковым парадзе.

Як паведамілі ў Міністэрстве абароны Ўкраіны, 30 красавіка беларускія і расійскія вайскоўцы возьмуць удзел у агульнай трэніроўцы парадных разлікаў на ўзлётна-пасадачнай паласе Кіеўскага авіяцыйнага завода "Авіянт".

Для вайскоўцаў з Беларусі і Расіі таксама падрыхтавалі вялікую культурную праграму: экскурсіі ў музей народнай архітэктуры і побыту "Пірагова", у Нацыянальны Кіева-Пячэрскі гісторыка-культурны запаведнік. Вайскоўцы наведаюць Андрэеўскую царкву ды іншыя выдатныя гістарычныя мясціны ўкраінскай сталіцы.

Прадстаўнікі беларускай і расійскай армій таксама запрошаныя ў Нацыянальны палац мастацтваў "Украіна" на святочны канцэрт, прысвечаны 65-й гадавіне Вялікай Перамогі, з удзелам прэзідэнта Ўкраіны, і ў філармонію на выступ дзіцячага ансамбля скрыпачоў. Для камандаў парадных разлікаў запланавана яшчэ і правядзенне спартыўных спаборніцтваў па валейболе, настольным тэнісе, шахматах і шашках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі