"Белавія" з 12 сакавіка прыпыняе рэйсы ў Мілан у сувязі з каранавірусам
"Белавія" прыпыняе авіярэйсы па маршруце Мінск-Мілан-Мінск з 12 сакавіка з 2 красавіка 2020 года ўключна. Пра гэта паведамляецца на сайце кампаніі.
Адмена тлумачыцца пастановай урада Італіі пра забарону на ўезд / выезд у 15 правінцый у рамках барацьбы з успышкай каранавіруса. Як паведамляла Еўрарадыё, цяпер італьянскі ўрад увогуле абмежаваў перамяшчэнні па краіне і ўвёў каранцінныя меры на ўсёй тэрыторыі.
"Белавія" прапаноўвае цалкам вярнуць кошт квіктоў, аформленых на рэйсы з вылетам з 12 сакавіка па 2 красавіка, або перанесці палёт да 31 траўня 2020 года без дадатковага збору ў межах аднаго класа абслугоўвання па гэтых жа маршрутах або на рэйсы "Белавія" па маршруце Мінск-Рым-Мінск.
Вяртанне або абмен будзе адбывацца па месцы аплаты квітка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.