Без намёкаў. Як дыктатара змусілі вярнуць акупаваную тэрыторыю
Гэта экскурс у сусветную гіcторыю — усе паралелі з Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Ён думаў, што зможа цалкам захапіць суседнюю краіну і яму нічога за гэта не будзе. Аднак штосьці пайшло не так.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае спробу Садама Хусейна акупаваць Кувейт і чым гэта для яго скончылася. Гэта экскурс у сусветную гіcторыю — усе паралелі з Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя.
Пасля завяршэння вайны з Іранам у 1988 годзе эканоміка Ірака знаходзілася ў гаротным стане. Іракскі дыктатар Садам Хусэйн звярнуўся да Саудаўскай Аравіі, Кувейта і ААЭ з просьбай выдзеліць яму грошы ў пазыку і ўтрымліваць квоты на здабычу нафты па лініі АПЕК, каб сусветныя цэны на нафту трымаліся на высокім узроўні. Аднак у Эль-Кувейце адмовілі Багдаду ў фінансавай дапамозе, адначасова павялічыўшы сваю квоту здабычы нафты. Як следства, кошт упаў з $19 да $11 за барэль. Ірак, якому даводзілася трымаць вялізнае войска, апынуўся на мяжы банкруцтва.
Хусэйн даручыў распрацаваць план новай вайсковай кампаніі. Афіцыйны Багдад ніколі не прызнаваў самастойнасць Кувейта і, акрамя таго, меў тэрытарыяльныя прэтэнзіі да гэтай краіны яшчэ ў 1930-я гады. Захоп Кувейта зрабіў бы Ірак абсалютным лідарам рэгіёна па пастаўках нафты.
У ноч з 1 на 2 жніўня 1990 года 120-тысячнае іракскае войска пры 350 танках уварвалася ў краіну і за суткі ажыццявіла захоп усёй яе тэрыторыі. Кувэйцкія войскі, якія не перавышалі 20 тысяч чалавек, аказалі жорсткі супраціў, аднак не змаглі спыніць праціўніка.
У той жа дзень Савет Бяспекі ААН рашуча асудзіў уварванне Ірака і запатрабаваў неадкладна вывесці войскі з Кувейта, пацвердзіўшы яго суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць. 6 жніўня супраць Іраку было ўведзенае гандлёвае эмбарга. Нягледзячы на гэта, 8 жніўня Багдад абвясціў аб “зліцці” Кувейта з Іракам.
Акупаванай дзяржаве адводзілася роля 19-й правінцыі, дзе фармаваўся так званы “вольны часовы ўрад” на чале з іракскім стаўленікам палкоўнікам Алі Хусэйнам Алі. На справе на захопленай тэрыторыі панавала самавольства: іракскія салдаты займаліся марадзёрствам і забівалі мірных жыхароў.
У гэты час пачалася перакідка буйных сіл ЗША у раён Персідскага заліва ў рамках аперацыі “Шчыт пустыні”, мэтай якой з'яўлялася абарона краін рэгіёна ад агрэсіі Багдада. У складзе шматнацыянальных сіл на чале з ЗША былі вайскоўцы Францыі, Вялікабрытаніі, Сенегала, Егіпта, Саудаўскай Аравіі, ААЭ, Сірыі і Кувейта.
10 жніўня на надзвычайнай сесіі рады NATO былі ўхваленыя палітычныя і эканамічныя санкцыі супраць Ірака і выказаная ўсеагульная падтрымка палітыцы ЗША. Усе ўдзельнікі сесіі заявілі пра гатоўнасць унесці свой уклад ва ўрэгуляванне канфлікту.
У лістападзе была прынятая рэзалюцыя 678 Рады Бяспекі ААН, якая запатрабавала ад Ірака вывесці свае сілы з Кувейта ў тэрмін да 15 студзеня 1991 года. Іракскія ўлады праігнаравалі гэтую ўмову. У адказ ЗША, іх саюзнікі па NATO і некалькі арабскіх краін пачалі аперацыю пад назвай "Бура ў пустыні".
17 студзеня 1991 года авіяцыя ЗША нанесла масіраваныя ўдары па тэрыторыі Ірака і Кувейта. Гэта стала неспадзяванкай для іракскага камандавання, якое рыхтавалася да наземнай аперацыі. Пасля завяршэння першага этапу кампаніі амерыканцы і іх саюзнікі заваявалі поўнае панаванне ў паветры, што абумовіла выніковы поспех. У ходзе паветранай стадыі вайны іракцы страцілі да 76% сваіх сіл і сродкаў. У канцы студзеня - пачатку лютага войскі міжнароднай кааліцыі сфакусаваліся на падрыве ваенна-эканамічнага патэнцыялу Ірака. 12-23 лютага масіраваны ўдар зведалі групоўкі сухапутных войскаў.
Кіраўніцтва Ірака заявіла аб сваёй гатоўнасці адступіць з Кувейта ў абмен на выкананне шэрагу ўмоў: адыход амерыканцаў ад мяжы і пакрыццё выдаткаў, панесеных Іракам падчас вайны. 23 лютага 1991 года адбылося паседжанне Рады бяспекі ААН.
На наступны дзень, 24 лютага, кааліцыя пачала наступленне, вядомае пад назвай “Шабля пустыні”.
У ноч на 26 лютага 1991 года міністр замежных спраў Ірака Тарык Азіз перадаў пасланне прэзідэнта савецкаму кіраўніцтву. Хусэйн прасіў Міхаіла Гарбачова "прыкласці тэрміновыя намаганні для прыняцця рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН па спыненні агню". Іракскі лідар заявіў аб пачатку вываду войскаў з Кувейта і абяцаў правесці эвакуацыю ў найкарацейшыя тэрміны.
"Ірацкім узброеным сілам аддадзены загад у арганізаваным парадку адысці на пазіцыі, якія яны займалі 1 жніўня 1990 года", — перадало багдадскае радыё.
Наступнай ноччу іракскія часткі ў паніцы сталі пакідаць тэрыторыю Кувейта, падлягаючы паветраным ударам. Раніцай над Эль-Кувейтам пад гукі нацыянальнага гімна быў узняты дзяржаўны флаг.
Да пачатку аперацыі “Бура ў пустыні” іракскія ВПС мелі 750 знішчальнікаў і бамбавікоў, а таксама 200 самалётаў падтрымкі. Пад вечар 27 лютага 1991 года 150 іракскіх пілотаў на сваіх самалётах вярнуліся ў Іран. Большасць пакінутых машын былі знішчаныя ці захопленыя. 28 лютага, а 8 гадзіне раніцы, прэзідэнт ЗША Джордж Буш падпісаў указ аб спыненні агню.
Савет бяспекі ААН прыняў рэзалюцыі 686 і 687 аб умовах перамір'я і агульных параметрах пасляваеннага ўрэгулявання. Ірак павінен быў кампенсаваць Кувейту нанесеную шкоду, а таксама ліквідаваць зброю масавага паражэння на сваёй тэрыторыі. Акрамя таго, на Багдад былі накладзеныя санкцыі, якія рэзка абмежавалі экспарт іракскай нафты. Ірак пагадзіўся на ўсе ўмовы і прызнаў рэзалюцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.