"Бітва за бюджэт пераносіцца на 2022 год": экспарт не дае бюджэту прабіць дно
Па выніках студзеня — ліпеня дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту склаў 0,5 млрд рублёў / Еўрарадыё
Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту скарачаецца за кошт паспяховага знешняга гандлю і квартальных падаткаў. Калі па выніках студзеня — чэрвеня ён складаў 1,6 млрд рублёў, то за студзень — ліпень ужо скараціўся да 0,5 млрд рублёў.
Мінфін два разы павялічваў запланаваны дэфіцыт бюджэту на 2021 год. Апошнім разам ён дайшоў да 6 млрд рублёў. Аднак справы ідуць нашмат лепш, чым разлічваў Мінфін.
Еўрарадыё паразмаўляла з экспертамі і даведалася, што падмацоўвае бюджэт і ці доўга будзе захоўвацца такі трэнд.
"Цэны раслі на тое, што мы вырабляем"
Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі кажа, што напаўненню бюджэту дапамаглі спрыяльныя ўмовы для знешняга гандлю.
— Паводле інфармацыі, якая ў нас была на пачатак года, усё павінна было развівацца так, як планаваў Мінфін. Магчыма, яны рабілі дэфіцыт крыху большым, каб, калі што, рапартаваць, што ён аказаўся меншым, чым запланаваны.
Але адбылося дзве нечаканыя падзеі. Адна з іх ужо адыграла, другая яшчэ не.
Першая — рост сусветных цэн. Нам пашанцавала: цэны раслі менавіта на тое, што мы вырабляем, у прыватнасці наша апрацоўчая прамысловасць.
Другая падзея — вылучаныя Беларусі SDR ад МВФ амаль на $1 млрд.
— Гэтыя сродкі, вядома, у бюджэт нельга будзе пакласці. Але так ці інакш яны дазволяць нам альбо атрымаць новы крэдыт пад гэтыя SDR, альбо нейкія грошы не будуць выдаткаваныя на выплату дзярждоўгу. У выніку мільярд можна будзе праз некалькі звёнаў прывесці ў бюджэт, — расказвае Леў Львоўскі.
У наступным месяцы дэфіцыт павялічыцца
Эканаміст "Кошта Урада" тлумачыць, што скарачэнне дэфіцыту менавіта па выніках ліпеня звязанае і з выплатай квартальных падаткаў. Яны якраз за кошт добрага знешняга гандлю павялічыліся.
Нягледзячы на невялікі дэфіцыт у параўнанні з запланаваным, глабальна для бюджэту нічога не змянілася.
— На гэтую карціну трэба глядзець шырэй. Ці ўбачыў Мінфін нейкае паляпшэнне, можна даведацца па ўдакладненым плане па дэфіцыце за год. Па кансалідаваным бюджэце за паўгоддзе ён быў мінус 5,8 мільярда рублёў. За месяц яны не змянілі сваю пазіцыю. Больш за тое, гэтая лічба крыху павялічылася. Гэта значыць, на самай справе макраэканамічна нічога не памянялася, — расказвае эксперт "Кошту Урада".
У наступныя два месяцы дэфіцыт будзе павялічвацца, пакуль не прыйдзе час зноў плаціць квартальныя падаткі.
Чаму дэфіцыт усё ж не выглядае такім вялікім?
— Вы можаце атрымаць больш даходу, чым планавалі, і можаце расходаваць менш. Знешняя кан'юнктура, як у выпадку з гандлем, вас можа прыемна здзівіць. Але калі мы паглядзім працэнтныя суадносіны па гадавым плане, то за ліпень мы атрымалі 64% даходаў і зрабілі толькі 50% расходаў. Гэта значыць, мы сціскаемся, стараемся менш расходаваць і паралельна атрымліваць як мага больш у даходах.
У той жа час ёсць расходы, ад якіх ніяк нельга адмовіцца. Напрыклад, выплаты па дзярждоўгу, пенсіі, заробкі бюджэтнікам, выдаткі на ахову здароўя і адукацыю.
— Мост можна не пабудаваць, але асноўныя расходныя часткі застануцца, — працягвае эксперт "Кошту Урада". — Па годзе, хутчэй за ўсё, мінус 6 мільярдаў не будзе. Проста таму, што відаць мэтанакіраваная дзейнасць на ўразанне расходнай часткі і выціснуць максімум з даходнай.
На думку Льва Львоўскага, год Беларусь скончыць з дэфіцытам значна меншым за запланаваны.
— Сітуацыя з высокімі сусветнымі цэнамі будзе заканчвацца. Калі гэта адбудзецца, мы не ведаем. Ужо ёсць прыкметы ахаладжэння сусветных рынкаў, але цяпер мы ўсё яшчэ знаходзімся на гэтым піку.
Сёлета нам усюды пашанцавала. Цяпер бітва за бюджэт пераносіцца на 2022 год, калі пачнуць дзейнічаць еўрапейскія санкцыі. Цэны наўрад ці пратрымаюцца высока так доўга. Выплачваць нам зноў трэба будзе па 3 мільярды долараў дзярждоўгу, а пазычаць можна толькі ў Расіі, — рэзюмуе Леў Львоўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.