Біятланістка Підгрушная: Называючы снайперам яны нішчаць маю рэпутацыю

“Вы ведаеце, што цяпер у Славянску знакамітая ўкраінская біятланістка Алена Підгрушна працуе снайперам? Вось гэта спартсменка, якая часта была на расійскіх каналах, калі выступала ў біятлоне. Вы ведаеце, што яе муж — сябра партыі "Свабода" Аляксей Кайда? Дык вось, цяпер Підгрушная ў складзе карных украінскіх сіл працуе ў Славянску снайперам і забівае мірных грамадзян”, — расказвае сустаршыня “народнага фронту Наваросіі” Канстанцін Далгоў.

І не дзе-небудзь, а ў эфіры самай рэйтынгавай аналітычнай праграмы самага паважанага дзяржаўнага канала “Расія 1”. Удакладняючых пытанняў Далгову не задаюць, усё ўспрымаецца як факт.

Сусветна вядомую біятланістку Алену Підгрушную Еўрарадыё знаходзіць па мабільным тэлефоне ў Кіеве, у міністэрстве спорту (не абароны). У размове з Еўрарадыё Алена гаворыць, што гэткія сенсацыйныя паведамленні могуць нанесці моцны ўдар па яе рэпутацыі.

“Вядома, адчуваю негатыў. Я катэгарычна супраць таго, каб чалавека так агаворвалі. Рэпутацыю нашмат складаней здабыць, чым яе сапсаваць. Усю маю кар’еру, усе гэтыя 15 гадоў, што я аддала Украіне, можна зараз сапсаваць адным нейкім здымкам, адным каментарыем. Гэта ўсё вельмі прыкра”.

Біятланістка расказвае, што не мела магчымасці паразмаўляць пра апошнія падзеі са сваімі калегамі з Расіі. Апошні раз на спаборніцтвах там яна была падчас Сочынскай алімпіяды — тады жаночая зборная Украіны заваявала золата ў эстафеце. Па словах Підгрушнай, украінскія біятланісткі пакуль не адчуваюць праблем ў кантактах з расійскімі калегамі.

Цяпер біятланістка разважае над магчымасцю звярнуцца ў суд. Алена мяркуе, што ў гэтым пытанні варта быць вельмі асцярожнай.

“Я не гатовая даць стоадсоткавы адказ на гэта пытанне. Таму што я асабіста не бачыла гэтага моманту на расійскім тэлебачанні. Было гэта ў навінах, альбо проста нехта сказаў у эфіры. Цяпер вельмі важна гэта ўсё. Кожны знак запытання мае вялікую вагу”.

Гісторыя з Аленай Підгрушнай — не адзінкавы выпадак. У расійска-украінскую інфармацыйную вайну міжволі ўцягнутыя нават… беларускія кінематаграфісты. Па форумах ужо некалькі тыдняў гуляе кадр з фільма “Брэсцкая крэпасць”, на якім параненае дзіцё плача над трупам маці. Прыхільнікі Данецкай народнай рэспублікі сцвярджаюць, што гэты кадр зроблены ўвесну на усходзе Украіны, а маці дзіцяці забілі ўкраінскія вайскоўцы-фашысты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі