Больш за 800 дзеячаў культуры падпісалі ліст супраць гвалту і фальсіфікацый
Больш за 800 дзеячаў мастацтва і культуры падпісаліся пад адкрытым лістом. Яны патрабуюць прызнаць мінулыя выбары несапраўдным, правесці паўторныя выбары і адправіць у адстаўку дзеючых членаў ЦВК з прыцягненнем да прадугледжанай заканадаўствам адказнасці.
"Мастакі, музыканты, акторы, пісьменнікі, паэты, архітэктары, дызайнеры, фатографы, выдаўцы, стылісты, прадусары, прамоўтэры, навукоўцы, даследчыкі культуры і культурныя актывісты — мы ўсе надзвычай абураныя і катэгарычна асуджаем недапушчальныя ў цывілізаванай дзяржаве факты парушэння закона Рэспублікі Беларусь, неабгрунтавана жорсткі гвалт над мірнымі грамадзянамі з боку сілавых структур і фальсіфікацыю вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", — сказана ў звароце.
Сярод падпісантаў — народныя артысты Беларусі, пісьменнікі, музыканты, артысты, рэжысёры. Сярод вядомых прозвішчаў у спісе — Зінаіда Бандарэнка, Зоя Белахвосцік, Лявон Вольскі, Алесь Дзянісаў, Уладзімір Арлоў, Віктар Марціновіч, Андрэй Хадановіч, Андрэй Горват, Дзяніс Дудзінскі, Андрэй Бонд, Андрэй Курэйчык, Ксенія Сітнік, Аляксей Жыгалковіч и іншыя.
"Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, выклікае глыбокі боль. Мы патрабуем спыніць беззаконне і тыранію на нашай зямлі, бо рэпрэсіі ахапілі ўсю краіну і дабраліся да сферы культуры. Нас не толькі звальняюць з працы, уносяць нашы імёны ў чорныя спісы непажаданых артыстаў, але наўпрост аказваюць ціск, запалохваюць, саджаюць у турмы. Многія нашы калегі апынуліся за кратамі", — пішуць аўтары.
Аўтары паведамлення перакананыя, што сітуацыя, якая склалася ў Беларусі, патрабуе неадкладнага законнага дазволу, інакш наступствы прававога дэфолту адкінуць краіну назад у развіцці і створаць глебу для самавольства і беззаконня. "Мы лічым, што адзіным прававым выхадам з цяперашняй сітуацыі, якая склалася, з'яўляецца тэрміновае правядзенне паўторных выбараў у адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.