У Мінздароўя ўдакладнілі колькасць параненых ад дронавай атакі
Аўтобус, атакаваны дронам / t.me/newsby_btrc
У аўтобусе з юнымі футбалістамі з Беларусі падчас дронавай атакі траўмы атрымалі восем чалавек, а не шэсць, як паведамлялася раней. Такую лічбу назваў міністр аховы здароўя Беларусі Аляксандр Хаджаеў.
"На гэты момант, паводле аператыўных звестак, восем чалавек, з іх шэсць непаўналетніх, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Знаходзяцца ў некалькіх бальніцах Бранскай вобласці", — сказаў чыноўнік.
Адзін чалавек, як паведамлялася раней, загінуў — гэта Вікторыя Гарошка, жонка аднаго з трэнераў: яна суправаджала дзяцей у паездцы.
Аўтобус з выхаванцамі дзіцяча-юнацкай спартовай школы №2 Рэчыцы быў атакаваны беспілотнікам зранку 17 чэрвеня ў Бранскай вобласці. Расійскі бок ўскладае віну на Украіну. У Генштабе УСУ заявўляюць, што не выкарыстоўвалі дроны ў Бранскай вобласці ў гэты перыяд. Украінскі ваенны эксперт Аляксандр Каваленка сцвярджае, што дрон павінен быў быць запушчаны з тэрыторыі самой Бранскай вобласці.