Брастаўчанку, асуджаную за "карагодную справу", асудзілі і за абразу Лукашэнкі
Брастаўчанку Алену Гнаук пакаралі трыма гадамі "хатняй хіміі". Яе прызналі вінаватай у абразе Аляксандра Лукашэнкі, пішуць праваабаронцы "Вясны".
Гнаук — адна з фігурантак брэсцкай "карагоднай справы". Па ёй 64-гадовую жанчыну асудзілі на два гады "хатняй хіміі" сёлета ў траўні.
Падчас суда па "карагоднай справе" пенсіянерка сказала: "9 жніўня мінулага года ўлада захапіў не зусім здаровы псіхічна чалавек". Гэта стала падставай для чарговай крымінальнай справы супраць яе.
Алена Гнаук на судзе не прызнала віну і хадайнічала пра незалежную лінгвістычную экспертызу. Аднак суддзя Дзмітрый Куроўскі адхіліў хадайніцтвы.
Па цяперашняй справе ёй прысудзілі яшчэ два гады "хатняй хіміі". Пры гэтым суд пастанавіў, што разам з папярэднім прысудам яна будзе адбываць агулам тры гады "хатняй хіміі".
Гнаўк здымала на відэа абвяшчэнне ўласнага прысуду. За гэта яе пасля заканчэння пасяджэння затрымалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.