Брат дзяўчыны з пачкам бюлетэняў: не веру, што сястра — фальсіфікатарка
Журналісты "Нашай Нівы" пагаварылі з братам Анастасіі Кулічковай. Менавіта гэтую дзяўчыну зняў на відэа назіральнік у Брэсце, калі яна падышла да выбарчай скрынкі з пачкам бюлетэняў.
Як паведамляла Еўрарадыё, Кулічкова працуе педагогам-псіхолагам у дзіцячым садку.
Аляксей пацвердзіў, што на відэа яго сястра: "Ну, хто ведае, што там была за сітуацыя. Я бачыў гэтае відэа: яна прыйшла галасаваць, да яе падбег чалавек, выказаў нейкую прэтэнзію, яна спалохалася і сышла — нармальна, па-мойму".
Хлопец прызнае, што выбары ў Беларусі могуць фальсіфікавацца. Але ён не верыць, што яго сястра магла ўдзельнічаць у гэтым.
"Думаю, што гэта магчыма і лёгка. Але я лічу, што мая сястра не магла ўдзельнічаць у такім, я з ёй пакуль пра гэта не гаварыў, але абавязкова буду. Не думаю, што яна магла на нейкія абяцанні павесціся. Чалавека могуць проста падбухторыць, як гэта ў нашай краіне падбухторваюць ісці галасаваць на выбары, менавіта кіраўніцтва — з работы ці штосьці такое", — кажа хлопец.
Нагадаем, што старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Таццяна Мосіна — дырэктарка таго самага садка, дзе працуе Анастасія Кулчікова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.