Брэсцкае “Дынама” развіталася з брамнікам Жэрэмі Малербам
Брэсцкае “Дынама” развіталася з брамнікам Жэрэмі Малербам. Пра гэта паведамляе прэс-служба клуба. У француза быў двухгадовы кантракт, падпісаны ў студзені 2017-га. У Беларусь ён пераехаў з Бельгіі, дзе выступаў у другім дывізіёне ў складзе “Руселарэ”. На якіх умовах быў скасаваны кантракт, невядома.
У сезоне 2017 года ў Малерба былі як добрыя, так і правальныя матчы (агулам ён правёў 29 гульняў, 8 з іх — “сухія”). Ён адыграў важную ролю ў заваяванні камандай Кубка Беларусі. А вось у чэмпіянаце краіны і ў кваліфікацыі Лігі Еўропы часам прапускаў кур’ёзныя галы. Таму не дзіўна, што восенню француз страціў месца ў асноўным складзе каманды. У браме яго замяніў 19-гадовы Павел Паўлючэнка. У апошніх чатырох матчах ён не прапускаў галоў. У выніку Паўлючэнку заўважыў Ігар Крывушэнка і запрасіў у нацыянальную зборную.
Цікава, што Жарэмі Малерб на радзіме спрабаваў сябе не толькі ў футболе, але і ў мадэльным бізнэсе. Ён казаў, што для яго гэта хобі, а на першым месцы — футбол.