Былога ўдзельніка "марозаўскай" банды затрымалі ў Гомелі за рэкет

Былога ўдзельніка "марозаўскай" банды затрымалі ў Гомелі за рэкет

У цэнтры Гомеля супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС затрымалі на месцы злачынства былога ўдзельніка вядомай злачыннай групоўкі Марозава — за вымагальніцтва. Пра гэта паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама.

За ўдзел у "марозаўскай" бандзе мужчына быў асуджаны на 11 гадоў пазбаўлення волі. Таксама ў яго біяграфіі ёсць судзімасці за крадзеж, рабаванне і вымагальніцтва. У 2012-м гамельчука ўмоўна-датэрмінова вызвалілі. Аднак старыя "навыкі" не забыліся, і праз нейкі час ён вярнуўся да рэкету — па просьбе старога знаёмага з Пінска. 

Пінчук у 2015 годзе зладзіў сумесны бізнес з жыхаром Гомеля. Спачатку справы ішлі добра, але потым у бізнесе ўзніклі праблемы і гамяльчук не змог аддаваць сузаснавальніку дывідэнды. Пінскі бізнесовец запатрабаваў вярнуць яму 15 тысяч долараў, укладзеныя ў справу. На гэтую грашовую праблему ён і паскардзіўся былому "марозаўцу". Той паабяцаў дапамагчы вярнуць пазыку. 

Мужчына прызначыў гомельскаму бізнэсоўцу сустрэчу на плошчы Паўстання. За ёй сачылі мясцовыя праваахоўнікі, у тым ліку байцы атрада міліцыі асаблівага прызначэння. 

Спярша былы "марозавец" патрабаваў вярнуць грошы. Бізнесмэн прызнаваў, што запазычыў грошы, але паведаміў, што цяпер такой сумы не мае. У адказ зламыснік дастаў пісталет і перасмыкнуў затвор. У гэты момант яго і затрымалі. Высветлілася, што гэта была дакладная пнеўматычная копія пісталета Макарава.

"Гэта не проста высакаякасная копія, а сама зброя, пераробленая пад шарыкі калібра 4,5 мм і вуглекіслотныя балоны", — кажуць у гомельскай міліцыі.

Цяпер на мужчыну завялі крымінальную справу за вымагальніцтва. Яму пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Былога ўдзельніка "марозаўскай" банды затрымалі ў Гомелі за рэкет
Фота: uvd.gomel.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі