Былы ідэолаг: Усё роўна пяройдзем на беларускую мову

Кіраўнік аддзела ідэалогіі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Рагачук праславіўся ініцыятывай, каб чыноўнікі адзін дзень на тыдзень гаварылі па-беларуску. Цяпер яго перавялі на іншую працу. Еўрарадыё праверыла, як склаўся лёс Рагачука і яго ініцыятывы.
У арганізацыйным аддзеле аблвыканкама запэўнілі, што пасада, якую заняў спадар Рагачук — кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста — гэта павышэнне. Супрацоўніца заўважыла, што ідэолагі падпарадкоўваюцца наўпрост Мінску, але ўсё роўна старшыня райвыканкама больш самастойны. Што да беларускай мовы…

Супрацоўніца: "Гэта трэба глядзець, якія ініцыятывы былі падтрыманыя. Трэба ў аддзеле ідэалогіі вам распытацца наконт гэтай ініцыятывы. Курс жа не памяняўся… (смяецца). Не мне вам тлумачыць, самі разумееце".

У аддзеле ідэалогіі абнадзеілі: новы кіраўнік Аляксандр Цыральчук на днях прыедзе з камандзіроўкі.

Супрацоўнік: "Так, гаварылі мы раз на тыдзень па-беларуску. Штосераду, як правіла. Новы начальнік? Нібыта ён катэгарычна за".

Днямі выйшаў з адпачынку сам Аляксандр Рагачук. Ён сустрэў карэспандэнта Еўрарадыё як старога знаёмага.



Аляксандр Рагачук: Мы ў сваёй дзейнасці будзем працягваць карыстацца беларускай мовай. У нас чыноўнікі добра ведаюць родную мову. Так, Мікалай Пятровіч?

Мікалай Пятровіч (супрацоўнік аддзела ідэалогіі Маскоўскага раёна): Да.

Рагачук: Так?

Мікалай Пятровіч: Так, валодаюць.

Сакратарка (смяецца): Авалодаюць.

Рагачук: Мы будзем працягваць развіваць беларускую мову, будзем трымацца яе ў рэкламнай дзейнасці, у назвах, шыльдах. На пасяджэннях выканкама будзем яе выкарыстоўваць.

Мікалай Пятровіч: Чыноўнікі Маскоўскага раёна, калі хто звяртаецца да іх па-беларуску, адказваюць гэтаксама па-беларуску.

Аляксандр Рагачук: Я вось атрымаў віншаванне ад старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава і з прыемнасцю яму адказаў.

Еўрарадыё: Але ці засталася ў вас пераемнасць у аблвыканкаме, у аддзеле ідэалогіі?

Аляксандр Рагачук: Думаю, так.

Напрыканцы спадар Рагачук заўважыў, што большасць грамадзянаў карыстаецца “расійскай мовай”, але ўпэўнена даў прагноз: “Мы з часам, канешне, але ўсё роўна пяройдзем на беларускую мову”.

Цяперашні кіраўнік аддзела ідэалогіі Брэсцкага аблвыканкама выглядаў меншым аптымістам. Нават гаварыць адмовіўся.

Аляксандр Цыральчук: Не. Вы запісаліся на 29-га?

Еўрарадыё: Скажыце толькі, ці будзе пераемнасць, што да беларускай мовы.

Аляксандр Цыральчук: Потым. Потым. Ды будзе, будзе, канешне. Я ж заканчваў беларускую школу.

Выглядае на тое, што не так ужо гэта і “канешне”. Бо дзень белмовы нават у аддзеле ідэалогіі Брэсцкага аблвыканкама не праводзіцца. І яшчэ: вуліца новабудаванага мікрараёна Брэста названая ў гонар Уладзіміра Калесніка, партызана, пісьменніка, прафесара, які ўсё жыццё абараняў і папулярызаваў беларускую мову. Але ж шыльда выкананая толькі па-руску.



Фота — Еўрарадыё і bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі