Цэнтр Каіра ператварыўся ў поле бою, лік забітых ідзе на сотні (відэа)
Раніцай у сераду паліцыянты пачалі зачыстку гарадскіх кварталаў ад лагераў апазіцыі. Але яны натыкнуліся на зацяты супраціў ісламістаў.
Як паведамляе РБК, пад прыкрыццём бульдозераў і бронетранспарцёраў паліцыянты і салдаты пачалі закідваць намётавы лагер "Братоў мусульман" снарадамі са слезацечным газам. Тыя ў адказ сталі паліць пакрышкі, падаючы сігнал сваім баевікам сцягвацца ў цэнтр.
Паліцыя здолела ўзяць плошчу пад свой кантроль і разбурыць намётавы лагер. Аднак праз кароткі час паміж сіламі правапарадку і баевікамі "Братоў мусульман" пачалася перастрэлка. Паведамляецца, што агонь па салдатах вядзецца ў тым ліку з кватэр і дахаў, дзе заселі снайперы. Вайскоўцы, у сваю чаргу, пачалі ўжываць кулямёты.
Дадзеныя пра колькасць загінулых моцна адрозніваюцца. "Браты мусульмане" кажуць, што загінулі прынамсі 600 іх прыхільнікаў. Дзяржаўнае тэлебачанне Егіпта распавядае пра шэсць загінулых, у тым ліку двух паліцыянтаў. Дактары паведамляюць прыкладна пра 100 забітых і 200 параненых.
Улады адмянілі ўсе цягнікі ў Каір. Гэтак яны разлічваюць адсячы ад беспарадкаў баяевікоў з іншых раёнаў краіны. Тым часам ужо стала вядома, што тысячы людзей выйшлі на вуліцы Александрыі і Суэца. Яны патрабуюць спыніць разгон ісламістаў на каірскай плошчы.