"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне

"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне

"Будзеце ў дамы заходзіць, спачатку нагамі на ганку патупайце. Пагрукайце ў шыбы. Пашуміце, карацей. Каб новыя жыхары паспелі ўцячы. А то, можа быць нечаканая сустрэча. Яшчэ больш напалохаецеся, чым яны", ― папярэджваюць нас супрацоўнікі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка перад тым, як выпусціць з уазіка-буханкі ў лес.

Лес гэта толькі на першы погляд. За гушчарам з кустоў, дрэваў і сухога плюшчу можна разгледзець гаспадарчыя пабудовы і дамы. Людзі тут не жывуць ужо трыццаць гадоў. За гэты час, як кажуць спецыялісты, прырода вярнула сабе тое, што мела на гэтых тэрыторыях цэлых 500 гадоў таму.

"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
Фота Valery Dombrovski, Polesie state radio-ecological reserve.

Самы вялікі запаведнік у Беларусі

 

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік быў заснаваны 18 ліпеня 1988 года на тэрыторыі трох раёнаў, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС ― Хойніцкага, Брагінскага і Нараўлянскага. Запаведнік займае іх тэрыторыю не цалкам, але нават гэтага дастаткова, каб быць самым вялікім у краіне ― больш за 215 тысяч гектараў. У Белавежскай пушчы толькі 161 тысяча.

Запаведнік падзелены на дзве часткі ― 30-кіламетровую зону, дзе забароненая любая дзейнасць, акрамя навуковай і ахоўнай, і эксперыментальна-гаспадарчую. Там кіраўніцтва запаведніка і Дэпартамента па барацьбе з наступствамі чарнобыльскай аварыі нават спрабуе займацца бізнесам.

Да красавіка 1986 года тэрыторыя, якую цяпер займае запаведнік, была на 30% пакрытая лесам. Рэшту займалі вёскі, палі, лугі і меліяратыўныя каналы. Тут жыло больш за 20 тысяч чалавек. Цяпер ― усяго 700, з якіх 40 навукоўцаў. Знаходзіцца на тэрытоі запаведніка могуць толькі супрацоўнікі. Усім, хто захоча застацца тут больш, чым на тры дні, неабходна прайсці спецыяльнае медыцынскае абследаванне. Навукоўцы працуюць вахтавым метадам, два тыдні ў "зоне", два на чыстых тэрыторыях. Кожны мае свой персанальны назапашвальнік выпраменьвання, які пастаянна кантралююць спецыялісты.

Палі ператварыліся ў балоты, сухія месцы параслі лесам

 

Навукоўцы расказваюць, што за 30 гадоў прырода ў запаведніку вярнула сабе тое, што мела да прыходу чалавека на гэтыя тэрыторыі 500 гадоў таму. Палі, якія знаходзіліся ў нізінах, без дагляду і ачысткі меліяратыўных каналаў вельмі хутка параслі трыснёгам і вярнуліся да свайго натуральнага стану ― сталі балотамі. Больш сухія месцы параслі лесам і цяпер мала адрозніваюцца ад звычайнага маладога сасонніку. Каналы таксама больш не выконваюць сваю функцыю, але іх распазнаць прасцей ― па роўных палосах буйнай расліннасці.

Тэрыторыя, якая знаходзіцца бліжэй да адселеных вёсак, зарастае ліставымі пародамі і нават здзічэлымі пладовымі дрэвамі. Такое можна ўбачыць толькі тут і нідзе больш.А вось з лесам амаль нічога не здарылася. Праўда, радыеактыўны фон тут можа быць яшчэ вышэйшым, чым ў сярэднім па запаведніку. Радыёнуклідаў у лясах больш, чым на адкрытых тэрыторыях, адкуль яны вымываюцца вадой і выносяцца ветрам. Таксама фактычна не змянілася і пойма Прыпяці. Тут стала хіба толькі значна чысцей ― 30 гадоў таму гэтыя мясціны былі амаль мясцовым курортам. Палавіць рыбу і адпачыць сюды прыязджалі нават з Гомеля.

"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
Рысь праходзіць па мосце праз раку. Фота Jim Beasley, Peter Schlichting and Valery Dombrovski, University of Georgia and Polesie state radio-ecological reserve.

Рысі, мядзьведзі і коні Пржавальскага

 

За 30 гадоў адсутнасці чалавека і гаспадарчай дзейнасці сюды вярнуліся старыя выцесненыя чалавекам віды жывёлаў, а таксама з'явілсія новыя, якіх у гэтых мясцінах ніколі не было.

Сярод тых, хто вярнуўся, ― рысі і мядзведзі. Першых рысяў супрацоўнікі запаведніка сустрэлі тут у 1991 годзе. Цяпер іх тут больш за тры дзясяткі. Расказваюць, што часам рысі нават прыходзяць да будынкаў адміністрацыі запаведніка і пазіруюць перад фотакамерамі. Хаця гэта, хутчэй, выключэнне. Рысь ― звер надзвычай асцярожны, і убачыць яго ў жывой прыродзе ― вялікі поспех.

Мядзведзі таксама жывуць у запаведніку, але іх убачыць можна вельмі рэдка ― 1-2 разы на год.

У 2007 годзе з Украіны на тэрыторыю запаведніка прыйшлі коні Пржавальскага, і цяпер іх тут больш за тры дзясяткі. Гэта, бадай, самы агрэсіўны мясцовы звер. Могуць атакаваць нават чалавека. Ганяюцца за ваўкамі і забіваюць іх. Пры гэтым, юрыдычны статус каня Пржавальскага ў Беларусі застаецца нявызначаным, яго проста няма ў афіцыйных дакументах. І калі раптам нейкі браканьер упалюе гэтага звера, то яму не змогуць нават выпісаць штраф.

Жывуць на тэрыторыі і зубры. Сюды іх прывезлі ў якасці эксперымента, і цяпер не могуць дакладна падлічыць. Некаторыя групы зуброў сталі цалкам дзікімі і нават не выходзяць на месцы, дзе іх падкормліваюць леснікі.

Вярнуліся на тэрыторыю запаведніка пугачы. Цяпер іх тут каля дзесяці пар, і яны ўсе чамусьці жывуць у вёсках, а не ў лясах. Ёсць рэдкія для Беларусі арланы-белахвосты і вялікія арляцы.

"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
Заяц. Фота Valery Dombrovski, Polesie state radio-ecological reserve.
"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
Пара ласёў. Фота Valery Dombrovski, Polesie state radio-ecological reserve.
"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
Коні Пржавальскага. Фота Valery Dombrovski, Polesie state radio-ecological reserve.
"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
Зубр. Фота Valery Dombrovski, Polesie state radio-ecological reserve.
"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
Лосі. Фота Jim Beasley, Peter Schlichting and Valery Dombrovski, University of Georgia and Polesie state radio-ecological reserve.
"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
Коні Пржавальскага часта заходзяць унутр будынкаў. Фота Jim Beasley, Peter Schlichting and Valery Dombrovski, University of Georgia and Polesie state radio-ecological reserve.
"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
Рысь у будынку калхознай фермы. Фота Jim Beasley, Peter Schlichting and Valery Dombrovski, University of Georgia and Polesie state radio-ecological reserve.

У запаведніку мноства ласёў (каля дзвюх тысяч), касуль і аленяў. Ім падабаецца адсутнасць паляўнічых. Амаль няма дзікоў, якія масава загінулі ад чумы, і баброў ― наступствы засухі, якая здарылася два гады таму. Цалкам адсутнічаюць такія звыклыя для краіны белыя буслы. Іх месца занялі чорныя, якіх паступова знішчаюць драпежныя птушкі. У запаведніку мышэй  значна менш, чым па-за межамі. На працягу дзесяці гадоў пасля аварыі на ЧАЭС іх колькасць паступова зніжалася, і цяпер мышэй у “зоне” дакладна столькі, колькі павінна быць у дзікай прыродзе. Зусім няма катоў і сабак, якія могуць выжыць толькі ля чалавека. Затое развяліся балотныя чарапахі. Іх колькасць уражвае ― каля 70 тысяч.

"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
Балотная чарапаха. Фота Valery Dombrovski, Polesie state radio-ecological reserve.
"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
Кабаны. Цяпер у запаведніку іх амаль няма. Фота Valery Dombrovski, Polesie state radio-ecological reserve.

Байкі пра ваўкоў і нечаканыя жыхары пакінутых вёсак

 

Сярод жыхароў прылеглых да запаведніка раёнаў ходзяць байкі пра набегі, якія ладзяць на вёскі ваўкі з запаведніка. Маўляў, там іх развялося вялікае мноства, і яны, шукаючы лёгкай пажывы, па начах рэжуць кароваў і могуць нават напасці на чалавека. Напады ваўкоў на хатнюю і свойскую жывёлу ў суседніх з запаведнікам раёнах на самой справе час ад часу здараюцца, аднак эксперты схіляюцца да думкі, што гэта справа ваўкоў-адзіночак з бедных на здабычу лясоў, размешчаных побач. У запаведніку сумесна з амерыканцамі вядзецца праграма па назіранні за ваўкамі. На шэсць злоўленых у розных частках звяроў надзелі ашыйнікі з дазіметрамі і перадатчыкамі, якія адсылаюць сігналы на спадарожнік, а адтуль ― проста ў камп’ютар навукоўцаў. Дзякуючы гэтаму, атрымалася высветліць, што ваўкі з запаведніка не выходзяць за межы яго тэрыторыі і харчуюцца амаль выключна здабытымі там ласямі. Здагадкі пра вялізную колькасць "чарнобыльскіх ваўкоў" таксама аказаліся выдумкамі. Па афіцыйных падліках, у 2017 годзе ў беларускай частцы "зоны" жыве каля 190 ваўкоў, а па дадзеных навукоўцаў, i таго меньш ― 80-100 асобiн. 

"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
Ваўчыныя гульні. Фота Jim Beasley and Peter Schlichting, University of Georgia.
"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
Воўк бяжыць праз закінуты мост. Фота Jim Beasley, Peter Schlichting and Valery Dombrovski, University of Georgia and Polesie state radio-ecological reserve.
"Чалавек для іх быў горшы за радыяцыю". Жыццё ў чарнобыльскай зоне
На месцы, дзе ваўкі здабылі лася. Фота Jim Beasley, Peter Schlichting and Valery Dombrovski, University of Georgia and Polesie state radio-ecological reserve.

Бадай, самай незвычайнай з'явай, якую можна назіраць у запаведніку, з'яўляюцца новыя жыхары пакінутых людзьмі вёсак. Убачыць іх няпроста, навукоўцам у гэтым дапамагаюць фотапасткі. Дзякуючы ім, супрацоўнікі запаведніка дазналіся, што часцей за іншых звяроў будынкі і дамы наведваюць коні Пржавальскага. Асабліва яны любяць хлявы і канюшні, прычым, на атрыманых такім падпольным чынам здымках бачна, што дзікія коні нават самастойна становяцца ў стойлы, выглядаючы пры гэтым амаль як прыручаныя. Чамусьці часта заходзяць у пакінутыя людзьмі гаспадарчыя пабудовы ласі і алені. Што менавіта тут падабаецца жывёлам, да канца незразумела. Але факт ― яны часта трапляюць у фотапасткі, расстаўленыя ў вёсках. Бываюць, хоць і рэдка, фота рысяў. Гэтыя жывёлы вельмі хуткія і асцярожныя, таму камеры рэдка фіксуюць іх цалкам. Часцей у кадры застаецца толькі хвост альбо лапа.

Сярод іншых дзікіх жыхароў чарнобыльскіх вёсак ― зайцы, якія толькi зрэдку заходзяць у дамы і пабудовы, але ў вялiкай колькасцi жывуць побач з імі. А таксама лісы і куніцы. Вялікая рэдкасць ― фота ваўка ўнутры чалавечай пабудовы.

Ці хварэюць жывёлы ў "зоне"? Вядома, як і паўсюль. Але пра дакладную сувязь колькасці захворванняў з павышаным радыеактыўным фонам казаць не выпадае. Навукоўцы з запаведніка распавядаюць, што адсутнасць чалавека кампенсуе для звяроў і дзікай прыроды ўвогуле любую шкоду ад аварыі на ЧАЭС. У дадатак, жыццё большасці звяроў настолькі кароткае, што радыяцыя проста не паспявае прычыніць ім сур'ёзных нязручнасцяў.

 

Еўрарадыё дзякуе Валерыю Дамброўскаму з Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу. Фатаздымкі звяроў, зробленыя Валерыем Дамброўскім і яго амерыканскімі калегамі, публікуюцца са згоды аўтараў. Іх перадрук іншымі СМІ магчымы толькі з дазволу рэдакцыі Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі