Чалы: "Газавы ўльтыматум" з'явіўся з-за правалу перамоваў па Мытным саюзе

Ці перамог Лукашэнка падчас перамоваў у Маскве? Чаго вартыя пагрозы амбасадара Сурыкава і пяцідзённы “газавы ўльтыматум” Мядзведзева? Як Беларусь плануе разлічыцца за расійскі газ? На пытанні Еўрарадыё адказвае аналітык Сяргей Чалы. Сяргей Чалы: Пытанне, якое зараз уздымае Расія, насамрэч мусіла паўстаць пры канцы года. Каб у гэтым упэўніцца, трэба проста разабрацца ў тым, як узнікла тое, што ў “Газпраме” называюць пазыкай Беларусі за газ.

Адкуль кошты растуць?

Кошты, па якіх Беларусь набывае газ у Расіі, прывязаныя да коштаў за нафту, але з пэўнай адтэрміноўкай. Нафта дасягнула піка ў сярэдзіне 2008 года, а пасля пачала таннець. Адпаведна, было зразумела, што ў перспектыве патаннее прывязаны да яе газ.

Але пры пачатку 2009 года газ якраз быў самы дарагі, а Беларусь толькі правяла дэвальвацыю і ўвогуле перажывала самы цяжкі перыяд сусветнага фінансавага крызісу. І мы дамовіліся, што будзем плаціць па сярэднегадавым кошце. То бок, спачатку — крыху менш за рэальны кошт газу. А бліжэй да канца года, калі газ патаннее, — крыху больш.



Еўрарадыё: Паколькі гэтае пытанне Беларусь і Расія больш не абмяркоўвалі, мы вырашылі, што ў 2010 годзе будзе тое ж самае?

Сяргей Чалы: Але гэта не было замацавана дакументам нават на 2009 год! Проста джэнтэльменская дамова. І таму цяпер мы маем дзве розныя пазіцыі: расіяне абураюцца, што Беларусь сама для сябе вызначае кошты за расійскі газ; беларусы лічаць, што, паводле ўзору мінулага года, кошты павінны быць менавіта такія.

Еўрарадыё: Але чаму Расія пачала “качаць правы” менавіта зараз, а не пры канцы года, калі можна было б “падбіць” сярэднегадавыя кошты?

Сяргей Чалы: Насамрэч сума пазыкі смешная. “Газпрам” кажа, што там крыху менш за 200 мільёнаў долараў. “Менш” пазначае дзе-небудзь 180. Нашыя прызнаюць 120. Калі мы ўзгадаем мінулыя газавыя войны з Украінай, дзе за дзень “капалі” ледзь не мільярды — відавочная дробязнасць. Таму я лічу, што прэтэнзіі “Газпрама” тлумачацца раздражненнем ад таго, што перамовы Лукашэнкі з Мядзведзевым і Пуціным па Мытным саюзе скончыліся нічым.

Лукашэнка на перамовах у Маскве не мог прайграць

Еўрарадыё: Гэтае раздражненне відавочнае па матэрыялах расійскіх медыяў. Там мы не знойдзем артыкулаў з вынікамі перамоваў. Толькі пра тое, што беларускі прэзідэнт прасіў у Пуціна “кавалак хлеба”...

Сяргей Чалы: Расійскім медыям карціць напісаць, што беларускі прэзідэнт прыехаў у Расіі нечага прасіць. Але напісаць папросту няма чаго! Не пісаць жа, што Лукашэнка прыехаў на перамовы, якія не мог прайграць? Як шахматыст, які ўжо забяспечыў сабе нічыю і цяпер можа дазволіць сабе не проста гуляць на перамогу, але і здзекавацца са свайго суперніка... А супернік быў упарты, доўга трымаўся. Перамовы скончыліся ўжо 12 чэрвеня, далёка апоўначы па маскоўскім часе.



Еўрарадыё:
Але чаму на гэта ніяк не рэагуюць нашыя медыі?

Сяргей Чалы: А дадатковая інфармацыйная кампанія нашых СМІ і не патрабуецца. Бо праз два дні пасля перамоваў стаў відавочны іх галоўны вынік: Палата прадстаўнікоў так і не ратыфікавала Мытны кодэкс.

Еўрарадыё: Што значыць — Лукашэнка не мог прайграць?

Сяргей Чалы: На гэтых перамовах не мы нечага дабіваліся ад Расіі, а Расія — ад нас! Сваю пазіцыю Крэмль выказвае наступным чынам: пошліны на нафту не адменім, аб’ёмы бяспошлінных паставак не павялічым. Мы адказваем: у нармальным Мытным саюзе пошлін быць не можа, а мусіць быць свабодны гандаль. Калі пошліны захоўваюцца, Мытны саюз — гэта ніякае не інтэграцыйнае аб’яднанне, а дурылка кардонная, і Беларусі ён не патрэбны. А пытанне аб’ёмаў бяспошліннай нафты, такім чынам, асобнае. Яго разгляд адкладаецца да кастрычніка 2010-га.



Еўрарадыё: Паралельна пытанне пра пошліны на экспарт нафтапрадуктаў разглядаецца ў Эканамічным судзе СНД?

Сяргей Чалы: Так, і гэта вельмі цікавы момант. На думку Беларусі гэта юрыдычнае пытанне. Мы лічым, што гэтая пошліны супярэчаць як нафтавым пагадненням ад 27 студзеня, гэтак і Мытнаму саюзу. І, замест таго, каб выдумляць ўльтыматумы, мы звярнуліся ў Эканамічны суд СНД. А Расія, замест таго, каб вырашаць пытанне юрыдычна, пачала чарговы газавы шантаж, бо толькі гэта і ўмее рабіць. І гэта сведчыць пра тое, што Расія вырашаць пытанні ў прававым полі не прызвычаілася, і па-ранейшаму адчувае сябе выкідалай.

Еўрарадыё: Давайце вернемся да пазіцыі Масквы.

Сяргей Чалы: Крэмль працягвае: добра, нават калі Беларусь адмовіцца, мы створым Мытны саюз з Казахстанам. Але Расія ад саюза з Казахстанам не атрымае аніякіх выгодаў! Выгоды атрымае Казахстан, пра што сёння вялікае інтэрв’ю з казахскім прэм’ерам надрукавала газета “Ведомости”.



Пазіцыя Беларусі ідэальная і юрыдычна, і з пункту гледжання логікі. І таму я разумею спакойнае маўчанне нашых СМІ і нашых чыноўнікаў. Сяргей Сідорскі ледзь не ў адпачынак паспеў з’ездзіць! Такія паводзіны дэманструюць, што пытанне закрытае. Ці пагаджайцеся на нашыя ўмовы інтэграцыі, ці гуляйцеся ў сваёй пясочніцы далей!

Войны распачынае той, хто баіцца пагаршэння свайго становішча

Еўрарадыё: Падчас перамоваў з Лукашэнкам у Расіі палепшыць сваю пазіцыю не атрымалася. І тады яна пачала ціснуць на Беларусь доўгім газавым доларам?

Сяргей Чалы: У якасці арт-падрыхтоўкі да перамоваў былі яшчэ заявы Аляксандра Сурыкава, амбасадара Расіі ў Беларусі. Напрыклад, пра тое, што Расія гатовая-такі адкрыць на мяжы з Беларуссю пасты мытнага кантролю.

Еўрарадыё: Наколькі гэта для Беларусі небяспечна?

Сяргей Чалы: Думаю, што мытны кантроль на мяжы з Беларуссю нязручны найперш для Расіі. Год таму мы выкарыстоўвалі пагрозу закрыць мытную мяжу як адзін з аргументаў падчас “малочнай вайны”. І гэты аргумент спрацаваў вельмі хутка! Да таго ж, калі мы пачнем ажыццяўляць кантроль грузаў, якія праходзяць праз нашую мяжу з Расіяй — хто ведае, колькі “шэрага” імпарту будзе заставацца на нашай мытні?

Еўрарадыё: Гучалі таксама заявы пра ўзнаўленне паўнавартаснага фітасанітарнага кантролю, то бок — чарговыя “малочныя войны”...

Сяргей Чалы: Гэта таксама хітрыкі. Бо ўваход Беларусі ў той Мытны саюз, які нам прапануюць, ніяк не абмяжоўвае Расію ў выкарыстанні захадаў нетарыфнага рэгулявання: санітарнага кантролю, тэхнічнага і іншых. Таму казаць: ратыфікуйце Мытны кодэкс, і гэтага ўсяго не будзе — толькі душой крывіць.



Еўрарадыё: Вынікае, што Расія не можа паўплываць на сітуацыю, не ахвяруючы сваім іміджам?

Сяргей Чалы: Важна тое, што такія войны, як нашае чарговае газавае супрацьстаянне, распачынае той бок, які ў нармалёвых умовах (то бок без абвяшчэння вайны) прайграе! Той, хто баіцца, што развіццё сітуацыі толькі пагоршыць яго становішча. І гэта яшчэ раз падкрэслівае, што Расія знаходзіцца ў слабой пазіцыі, а Беларусь — у моцнай.

А крыхаборства Крамля ўжо заўважылі чытачы расійскіх інтэрнэт-медыяў. Яны ў каментах пішуць нешта накшталт: “Ізноў Мядзведзеў прасіў у Лукашэнкі грошай”!

Еўрарадыё: Яшчэ адно важнае пытанне: ці сапраўды Расія можа сабе дазволіць абмежаваць пастаўкі газа ў Беларусь?

Сяргей Чалы: Ізноў жа, гэта ім абыйдзецца даражэй, чым нам. Можа, нават даражэй, чым пазыка, якую яны імкнуцца спагнаць з Беларусі. Усе памятаюць газавую вайну з Украінай, калі з вельмі нязручнымі прэтэнзіямі да Расіі выйшлі еўрапейскія спажыўцы расійскага газу.

За газ Беларусь разлічыцца грошамі ад продажу венесуэльскай нафты?

Еўрарадыё: Дарэчы, наколькі для Беларусі небяспечны ўльтыматум Мядзведзева? Ці здолеем за 5 дзён аплаціць пазыку?

Сяргей Чалы: У мяне ёсць думка, што да такога павароту падзеяў Беларусь патаемна рыхтавалася. Інфармацыя наступная: танкер Amalthea, які выйшаў з венесуэльскага порта ў напрамку Адэсы, быў днямі заўважаны на рэйдзе недалёка ад Новага Арлеана. Усе караблі, якія выходзяць у мора, уключаюць “маячкі”, з дапамогай якіх іх перамяшчэнні можна адсочваць праз інтэрнэт. Дык вось, Amalthea з беларускай нафтай на борце відавочна чакае сваёй чаргі на ўваход у адзін з двух буйных амерыканскіх портаў: Gulfport ці Mobile — якія месцяцца побач.

Еўрарадыё: То бок, нафта, якую Беларусь атрымлівае з Венесуэлы, ідзе не ў Адэсу для далейшай транспартыроўкі ў Беларусь і перапрацоўкі на нашых НПЗ, а ў ЗША?

Сяргей Чалы: Так. Танкер гэты, замест таго, каб рушыць з Венесуэлы на паўночны ўсход праз Атлантычны акіян, павярнуў на паўночны захад. З 14 чэрвеня ён стаіць у Мексіканскім заліве. А ўсё ўзбярэжжа там запоўненае амерыканскімі нафтаперапрацоўчымі прадпрыемствамі.

Еўрарадыё: Ці можам прыкладна падлічыць, колькі прынясе Беларусі продаж нафты ў Амерыку?

Сяргей Чалы: Там каля 80 тысяч тон нафты. У тоне венесуэльскай нафты каля 7,6 барэляў. Памнажаем 80 тысяч на 7,6, а пасля на 75 долараў, якія сёння каштуе барэль нафты, — атрымліваем каля 45 мільёнаў долараў. Тры такія танкеры — і пазыку за расійскі газ мы аддалі.

Еўрарадыё: Нешта я ў гэтай сітуацыі не разумею Венесуэлу.

Сяргей Чалы:
Гэта нескладана. Продажы ў ЗША — разавыя. Калі сапраўды плануецца транспартаваць у Беларусь 4 мільёны тон нафты, гэтыя тры танкеры — непрынцыповы аб’ём. А чаму б не дапамагчы палітычна блізкаму сябру, калі вельмі трэба?

Да таго ж бачна, што Венесуэла зацікаўленая ў супрацоўніцтве з Беларуссю. Надта тут добрыя рынкі збыту! Наш дызель і бензін фактычна ўжо займаюць дамінуючыя пазіцыі ў Літве. Ва Ўкраіне ствараецца адмысловая структура, якая будзе гандляваць гэтымі нафтапрадуктамі... Так што тут усё добра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі