Чаму самы папулярны наркасайт свабодна адкрываецца ў Беларусі?

Адкрываючы гэты папулярны рэсурс (не будзем лішні раз яго называць), наркаспажыўцы знаёмяцца з коштамі на "спайсы" і атрымліваюць кантакты дылераў. Потым праз інтэрнэт, а часцей плацёжныя тэрміналы, пакупнік аплачвае наркотык, высылае нумар чэка наркааператару і забірае тавар у схованцы.

Многія такія сайты з наркааб’явамі ў Беларусі не адчыняюцца. Але самы буйны і папулярны рэсурс сёння грузіцца гэтак жа хутка, як сайт па продажы дзіцячых забавак. Хоць 20 студзеня, у хуткім часе пасля антынаркатычнай прэс-канферэнцыі доступ заблакавалі.

Абазнаныя ў тэхнічным плане наркаспажыўцы ўсё адно заходзілі на рэсурс праз ананімайзеры. Але ўсё адно незразумела, чаму рэсурс зноў свабодна запрацаваў.

Задаём гэта пытанне Мінінфармацыі. Як вядома, менавіта гэта ведамства дае канчатковы загад пра перакрыццё падобных злачынных інтэрнэт-рэсурсаў. Намеснік начальніка ўпраўлення прававой і кадравай работы Юрый Бябешка дзякуе за інфармацыю і абяцае, на праблему звярнуць увагу. Пасля Еўрарадыё перанакіроўваюць у Дзяржінспекцыю па электрасувязі (БелДІЭ), дзе прымаюць непасрэднае рашэнне пра абмежаванне доступу.

Начальнік аддзела інфармацыйных тэхналогій Аляксандр Сімановіч тлумачыць, што на падставе нядаўна прынятай пастановы Аператыўна-аналітычнага цэнтру і Мінсувязі №6/8 абмежаванні сапраўды тычацца ўсіх карыстальнікаў беларускага інтэрнэта, а не толькі установаў адукацыі, культуры і іншых дзяржустаноў.

Для таго, каб сайт заблакавалі, ён павінен трапіць у так званы спіс абмежаванага доступу. Аднак праблемы могуць узнікнуць з-за таго, што акурат у гэтыя дні пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг пераналаджваюць свае сістэмы.

“Бліжэйшым часам будзе здзяйсняцца кантроль за абмежаваннем доступу да ўсіх рэсурсаў, якія ўтрымліваюцца ў спісе абмежаванага доступу. Калі праблема будзе выяўленая, да пастаўшчыка інтэрнэт-паслуг будуць ужывацца адпаведныя меры”, — адзначае Аляксандр Сімановіч.

Аператыўна высветліць, ці знаходзіцца самы папулярны наркарэсурс у спісе абмежаванага доступу, Еўрарадыё не змагло.

На прэс-канферэнцыі ў студзені кіраўнік Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Васіль Лосіч шчыра расказаў пра асаблівасці, калі доступ да сайту можа быць неабходны праваахоўнікам:

“Ёсць, канешне, спецыфіка аператыўнай работы. Мы вядзём свае гульні, нам важна дайсці да канкрэтнага пастаўшчыка, канкрэтнага збытчыка, выявіць канал пастаўкі, затрымаць усіх удзельнікаў вось гэтага працэсу. Спецыфіка аператыўнай дзейнасці вымагае пэўнага часу”.

Тым часам сайт МУС ледзь не штодня працягвае паведамляць пра затрыманні наркадзялкоў. Толькі трэцяга сакавіка ў Мінску затрымалі аднаго мужчыну, у якога канфіскавана больш за 100 грамаў "спайсу", у яшчэ аднаго беспрацоўнага знайшлі 1,8 грама псіхатропнага парашку. Дома ў яшчэ адной мінчанкі было больш за 120 грамаў гатовага "спайсу". Часта затрымліваюць і макавых дылераў, і вытворцаў марыхуаны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі