Чаму выбары ў Малдове выратавала дыяспара і што будзе далей?
Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду
Выбары прэзідэнта Малдовы завяршыліся перамогай Маі Санду. Яна стала першай у гісторыі краіны кіраўніком дзяржавы, пераабраным на другі тэрмін у выніку прамога галасавання. Выніковы адрыў Санду — каля 11% або 182 тысячы галасоў. Праўда, ёсць адно "але". У адрозненне ад 2020 года, ёй удалося гэта зрабіць толькі дзякуючы галасам малдаўскай дыяспары. Унутры краіны Санду прайграла свайму суперніку Аляксандру Стаяногла з розніцай 2,4% ці 32 тысячы галасоў. Такі супярэчлівы вынік дэманструе даўні раскол малдаўскага грамадства, прычым адразу ў некалькіх плоскасцях.
Пра прычыны гэтага расколу і пра тое, што будзе далей расказвае выданне NewsMaker.
Як Санду ўдалося перамагчы?
Вынікі першага тура выбараў прэзідэнта і канстытуцыйнага праеўрапейскага рэферэндуму сталі непрыемным сюрпрызам для малдаўскай улады і асабіста Маі Санду. Дзеючая прэзідэнтка атрымала ў першым туры зусім не тую пераканаўчую перамогу, якая дазволіла б разлічваць на лёгкі выйгрыш у другім туры. Праеўрапейскі канстытуцыйны рэферэндум як своеасаблівая рэпетыцыя другога тура і зусім ледзь-ледзь не праваліўся.
З'еўшы гэтую непрыемную пілюлю ад малдаўскіх выбарцаў, каманда Санду ўзялася выпраўляць становішча.
Прэзідэнтка ўсімі сіламі старалася прывабіць выбарцаў іншых кандыдатаў. Выступала з прымірэнчымі і аб'яднальнымі меседжамі, звярталася да выбарцаў Рэната Вусатага, які заняў трэцяе месца па выніках першага тура. Нават запісала зварот да актывістаў сеткі Ілана Шора (збеглы алігарх, які жыве ў Расіі, і ўладальнік "сеткі", якая купляе галасы выбарцаў. — Рэд.). Былую ўпэўненасць у сваёй перавазе і пагардлівае стаўленне да канкурэнтаў і іх выбарцаў, здавалася, як рукой зняло.
Самай яркай ілюстрацыяй і сімвалам, мабыць, стала пятнічная фатаграфія з мэрам Кішынёва Іанам Чэбанам, якога Санду і яе каманда шмат гадоў называлі "чалавекам Масквы". А цяпер — вось яны ўдваіх, хай з не вельмі задаволенымі тварамі, але "разам за еўрапейскую будучыню" на прома са старонкі Санду ў Facebook. Да вырашальных выбараў — два дні.
Рэагуючы на відавочнае пратэстнае галасаванне першага тура, Санду таксама прызнала памылкі дзейнай улады і нават паабяцала правесці над імі працу. Сказала, што пачне з перастановак ва ўрадзе.
Пасыпаннем галавы попелам усё не абмежавалася. Пакуль Санду змагалася за чужога выбарца, армія прэзідэнцкіх прыхільнікаў рознай ступені блізкасці "расстрэльвала" канкурэнта. Аляксандру Стаяногла ўзгадалі ўсё. Меркаваную сувязь са скандальна вядомым бізнесмэнам Вячаславам Платонам (выводзіў мільёны з Малдовы і Расіі. — Рэд.), сувязь з Крамлём праз прарасійскую партыю сацыялістаў, якая яго вылучыла, падтрымку сеткі Ілана Шора і да т.п. Былі і адкрыта ксенафобскія атакі. У сацсетках у не самых талерантных хейтэраў Стаяногла была папулярная фэйкавая цытата Штэфана чэл Марэ пра праклён, які чакае малдаван, што пасадзілі "турка" на свой трон. Санду, прытрымліваючыся сваёй вышэй апісанай стратэгіі, ад такіх нападак дыстанцыявалася і асуджала падобнае. Яна нават пару разоў паблажліва звярталася да свайго контркандыдата, кажучы, што ён сам не да канца разумее, у якую гульню яго ўцягнулі.
Для таго, каб скараціць магчымасць уплыву на вынік у другім туры сеткі шораўскіх актывістаў на зарплаце з Расіі, як па трывозе паднялі праваахоўныя структуры. Два тыдні амаль кожны дзень з'яўляліся навіны аб новых ператрусах, затрыманнях і штрафах за куплю/продаж галасоў. Магчыма, калі б паліцыя з самага пачатку так актыўна змагалася з незаконным фінансаваннем сеткі, то яе магчымасць ўздзеяння на першы тур выбараў і рэферэндум была б зведзеная на нішто яшчэ да іх старту.
Недахопы ў працы праваахоўнікаў усяляк спрабавалі кампенсаваць прыхільнікі Санду і нават некаторыя прадстаўнікі кіраўнічай каманды. У СМІ злілі базу прыхільнікаў Ілана Шора ў Малдове, якая зараз жа разляцелася па сацсетках. Прыхільнікі дзейнай улады, забыўшыся пра прэзумпцыю невінаватасці, пачалі публічна лінчаваць тых, хто трапіў у той спіс.
Аляксандр Стаяногла і яго перадвыбарчы штаб паміж двума турамі выбараў такой актыўнасці не выяўляў. Ён не лепшым чынам выступіў на дэбатах з Санду, даў пару зручных для сябе інтэрв'ю, правёў стрым у сацсетках і амаль не публікаваў справаздачы аб перадвыбарных сустрэчах.
Актыўнасць каманды Санду па ўсіх напрамках на фоне пасіўнай кампаніі Стаяногла дала вынік. Прычым спрацавала ўсё: і барацьба з сеткай Шора, і дадатковая мабілізацыя прыхільнікаў, і праца з выбарцамі кандыдатаў, якія засталіся ў другім туры.
Санду палепшыла свой вынік у параўнанні з першым турам на 275 тысяч выбарцаў. З іх не больш за 115 тысяч за кошт прыросту яўкі. Стаяногла ў другім туры атрымаў плюс 347 тысяч — гэта на 141 тысячу менш сумарнай колькасці галасоў, аддадзеных у першым туры за адсеяных кандыдатаў. Такі недабор пратэстных галасоў збольшага звязаны з пазіцыяй Рэната Вусатага, які так і не падтрымаў кандыдата ад апазіцыі ў другім туры. Але галоўная прычына пройгрышу Стаяногла, хутчэй, у іншым — большасць малдаўскіх выбарцаў не гатовыя бачыць прэзідэнтам вылучэнца пракрамлёўскай партыі. Менавіта на гэтым страху грунтавалася кампанія Санду на фінішнай прамой.
Раскол першы: геапалітыка
Калі ў Малдове кажуць пра падзеленасць грамадзтва, звычайна маюць на ўвазе геапалітычны крытэр. Маўляў, малдаване галоўным чынам падзяляюцца на прыхільнікаў еўраінтэграцыі і прыхільнікаў збліжэння з Расіяй. Ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны істотна ўдарыла па папулярнасці другой знешнепалітычнай опцыі.
Галоўнай пракрамлёўскай палітычнай сілай, якая без агаворак падтрымлівае і апраўдвае расійскае ўварванне ва Украіну, застаецца і без таго даволі таксічная паўпадпольная арганізацыя Ілана Шора. У другім туры ён заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць за Стаяногла, ён жа арганізаваў падвоз выбарцаў на замежныя ўчасткі ў Мінску, Баку і Стамбуле. Спрабуе апраўдваць Уладзіміра Пуціна і лідар сацыялістаў, які вылучыў Аляксандра Стаяногла, і былы прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. Ён, праўда, гэта робіць з куды меншым энтузіязмам і не без агаворак.
Сувязь Аляксандра Стаяногла з пракрамлёўскімі сіламі, якія яго вылучылі і падтрымалі, была галоўнай лініяй атакі апанентаў і яго ключавой слабасцю. Сам Стаяногла спрабаваў адбівацца ад абвінавачванняў. Называў расійскае ўварванне ва Украіну міжнародна прызнаным актам агрэсіі, казаў пра тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў межах 1991 года, спрабаваў дыстанцыявацца ад Ігара Дадона, але, мабыць, быў у гэтым недастаткова пераканальны.
Страх перад "траянскім канём Крамля", як называла Стаяногла Санду, быў галоўным мабілізуючым фактарам для яе выбарцаў у другім туры.
Агульны вынік выбараў нам наглядна паказаў, што большасць малдаўскіх выбарцаў (але толькі з улікам дыяспары, што важна) асцерагаецца прыходу да ўлады сіл, якія так ці інакш заігрываюць з Крамлём. А значыць, гэтую карту, без сумневу, Санду і PAS (партыя "Дзеянне і салідарнасць". — Рэд.) будуць разыгрываць і на парламенцкіх выбарах.
Раскол другі: няроўнасць
Калі сацыялісты і Шор настолькі таксічныя праз свой карупцыйны шлейф і сувязі з Крамлём, тады чаму Аляксандр Стаяногла перамог на выбарах унутры краіны? Таму што не адной геапалітыкай і страхам перад вайной жыве Малдова. Асабліва ў рэгіёнах. Ёсць у малдаўскім грамадстве яшчэ адна лінія раздзялення, не звязаная з вялікай палітыкай ці пытаннямі вайны і міру.
Грамадзяне Малдовы ўмоўна дзеляцца на дзве асобныя Малдовы, і геапалітыка разам з Уладзімірам Пуціным не маюць да гэтага падзелу ніякага дачынення.
Другая Малдова жыве ў асноўным у напаўапусцелых малдаўскіх сёлах і райцэнтрах. У многіх яе насельнікаў няма доступу да элементарных бытавых выгод: цэнтралізаванага вадаправода і каналізацыі. Значная частка насельнікаў гэтай "другой" краіны — пажылыя людзі з мізэрнай малдаўскай пенсіяй. А тыя, хто больш малады, жывуць на маленькую зарплату, падумваюць аб эміграцыі, бяруць мікракрэдыты на халадзільнік або пральную машыну. Жыхары гэтай "іншай" краіны вастрэй за іншых пераносяць любыя эканамічныя ўзрушэнні, хай тое будзе інфляцыя і рэзкі рост цэн ці рэзкае павышэнне тарыфаў на газ або ваду.
Гэтыя людзі не абавязкова з'яўляюцца праціўнікамі еўрапейскага шляху Малдовы, аднак яны не надта разумеюць і адчуваюць выгады ад гэтага шляху. Але ў апошнія гады яны ўвесь час чуюць па тэлевізары ялейныя еўраінтэграцыйныя прамовы з урадавых трыбун і бачаць развешаныя паўсюль сцягі Еўрасаюза.
Прадстаўнікі першай і другой Малдовы кожны дзень сустракаюцца адзін з адным, часта ходзяць па адных і тых жа вуліцах, маюць зносіны паміж сабой, але пры гэтым у іх амаль няма агульных тэм. Першай Малдове важна танней злятаць у адпачынак у Іспанію або на Кіпр, і пажадана з Кішынёва, а не з Ясаў (горад у Румыніі. — Рэд.). Другой трэба думаць, дзе і пачым назапасіць дроў на зіму.
Наглядна ўбачыць, як адрозніваюцца гэтыя дзве Малдовы, можна, калі параўнаць фота з пратэстаў шораўскіх партый і леташняга праеўрапейскага мітынгу ў Кішынёве. А яшчэ лепш паглядзець кадры кішынёўскага марафону 2022 года. Там мужчыны і жанчыны ў брэндавай спартовай вопратцы, з дарагімі гаджэтамі прабягаюць міма бабуль, звезеных на шораўскі пратэст ля парламента, якія з цікавасцю іх разглядаюць. Кантрасней няма куды.
Жыхары другой Малдовы вельмі мала прадстаўленыя і ў грамадскай прасторы, і ў малдаўскай палітыцы. Лёгка купляюцца на папулісцкія лозунгі і танныя абяцанні. Іх раздражняе, з якой фанабэрыяй і пагардай да іх часам звяртаюцца прадстаўнікі Малдовы першай. У тым ліку кіроўная партыя з прэзідэнтам, якія якраз і з'яўляюцца сёння галоўнымі выразнікамі волі той паспяховай Малдовы.
Зусім не абавязкова, але вельмі часта гэтая "іншая" Малдова галасуе за прарасійскія партыі. І ім не падабаецца, калі каналы, якія яны глядзяць, забараняюць, палітыкаў, за якіх яны галасуюць, дэманізуюць, а яшчэ ўгаворваюць любіць ЕС і ненавідзець пуцінскую Расію.
Для другой краіны іх маёмаснае становішча, якасць жыцця тут і цяпер важнейшая за геапалітычны курс. У такой маёмаснай няроўнасці, у сваім гаротным становішчы яны бачаць несправядлівасць.
Калісьці на іх каласальны запыт на справядлівасць адказвала Партыя камуністаў. У 2020 і 2021 годзе на гэты запыт шмат у чым адказвала Мая Санду і PAS абяцаннем дэалігархізацыі і барацьбы са спадчынай алігархічнага рэжыму Уладзіміра Плахатнюка (яшчэ адзін збеглы алігарх і палітык. — Рэд.). Цяпер на гэты запыт даваў адказ Аляксандр Стаяногла са сваім лозунгам "Справядлівасць для ўсіх". Менавіта гэтым тлумачыцца яго перамога на выбарах унутры краіны.
Дзве Малдовы выбралі сабе розных прэзідэнтаў. Першая Малдова — у асноўным дыяспара і Кішынёў — выбралі Маю Санду. "Другая" Малдова прагаласавала за Стаяногла. Розныя краіны, розныя прыярытэты, розныя прэзідэнты.
У сваім начным звароце пасля выбараў Санду чарговым разам паабяцала "быць прэзідэнтам усіх грамадзян", гэта значыць аб'яднаць дзве Малдовы, якія яшчэ больш палярызавала гэтая кампанія. Але ці зможа? І ці захоча?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.