Чаму зафрэндзіць Мілінкевіча і затроліць Някляева не атрымаецца?

Найбольш актыўныя ў сацсетках намеснік лідара кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька — ні дня без допісу. Лябедзька не толькі дае справаздачу пра кожны свой палітычны ўчынак: колькі нумароў партыйнага выдання раздаў сёння ля прахадной чарговага завода, але і дзеліцца думкамі, што апанавалі яго падчас ранішняй прабежкі. У віртуальнай прасторы яму падабаецца.

Анатоль Лябедзька: “Я туды прыйшоў, паглядзеў, і мне спадабалася. Гэта вельмі аператыўная крыніца атрымання і распаўсюджання інфармацыі. Там розныя людзі, і не толькі тыя, каго можна назваць “сябры”, я магу не пагаджацца з іх пазіцыяй, але для маёй унутранай сацыялогіі мне гэта карысна”.

У “фрэдах” у лідара АГП каля 4 тысяч чалавек, Лябедзька выдаліў “усяго 5 ці 6 аматараў пісаць тое, што звычайна пішуць на плоце”. Больш за ўсё, кажа, не любіць, калі на яго старонцы пішуць каменты з абразамі ў бок людзей, якіх ён паважае. Нармальна ставіцца да тых, хто з ім дыскутуе, адстойваючы сваю пазіцыю, а звычайных троляў “проста пазначае “ху із ху”.

Не менш актыўны ў сацсетках і намеснік лідара кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў.

Андрэй Дзмірыеў: “Гэта магчымасць падзяліцца сваёй пазіцыяй па некаторых пытаннях ці нечым цікавым, што будзе цікавым тваім сябрам. Памятаеце, у маленстве выходзілі на двор і пыталіся: “А ты тое бачыў? А тое глядзеў?” Цяпер тое самае, толькі праз інтэрнэт. Галоўнае, фільтраваць тыя ўражанні ці меркаванні, якія дае Фэйсбук. Бо найчасцей гэта вельмі адрозніваецца ад таго, што думае і адчувае большасць грамадзян у краіне”.

Дзмітрыеў выдаляе з сяброў у двух выпадках: “калі гэта чысты троль, і калі ідзе непасрэдная абраза сям'і ці тых, каго я паважаю, іншых удзельнікаў дыскусій”.

Лідар кампаніі Уладзімір Някляеў таксама нешта піша на сваёй старонцы ў сацсетцы. Але часам гэта робіць за яго той жа Дзмітрыеў.

Андрэй Дзмітрыеў: “Часам пішам пасты мы, дапамагаючы яму. Да прыкладу, ён быў ва Украіне, у яго там не было інтэрнэту і мы пішам на яго старонцы нейкую думку, якую мы лічым важнай данесці ад яго імя людзям”.

Прысутнічаць у сацсетках палітыку неабходна, упэўнены лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Найперш, каб атрымліваць і дзяліцца важнай інфармацыяй. Вось толькі сам ён піша на сваёй старонцы не вельмі часта — “тэхнічнае забеспячэнне” мае слабое.

Аляксей Янукевіч: “Маю смартфон, але ён не заточаны пад сацыяльныя сеткі. Акурат, запланаваў абнавіць смартфон, каб ён быў больш зручны менавіта для аператыўнага кантакта з сябрамі ў сацыяльных сетках”.

Сяброў у галоўнага фронтаўца не шмат — каля 900. Фрэндзіць толькі тых, каго ведае асабіста, таму і выдаляць нікога пакуль не даводзілася. Гаворыць, што калі палітык пачне посціць коцікаў ці апісваць уражанні ад прыроды альбо дзяўчат, гэта будзе выглядаць недарэчна.

Лідар партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін практычна нічога ў Фэйсбуку не піша. Чаму?

Сяргей Калякін: “Я там бываю часта, пішу толькі рэдка. Мне цікава, што пішуць людзі, што яны думаюць, як яны ацэньваюць сітуацыю, якія меркаванні наконт тых ці іншых падзей. Але я не лічу, што трэба сысці з рэальнага жыцця ў віртуальнае — лепш палітыку больш быць у рэальным жыцці”.

А вось у лідара Руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча і ў сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца нават старонак у тым жа Фэйсбуку няма. Затое, па сакрэце прызнаюцца:

Аляксандр Мілінкевіч: “Я нават лажу туды і нешта чытаю, але сам не рабіў. Усе палітыкі карыстаюцца, я сабе старонку не заводзіў… не ведаю, можа і трэба”.

Паколькі, не маючы рэгістрацыі ў Фэйсбук не зойдзеш, то, хутчэй за ўсё, Аляксандр Мілінкевіч робіць гэта праз акаўнт сваёй жонкі Іны Кулей — у яе свая старонка ёсць.

Павел Севярынец: “У мяне ў Фэйсбуку жонка. І час ад часу я штосьці там бачу, яна мяне інфармуе. Я запытваюся, што там цікавага. Але, шчыра кажучы, трэба дзве-тры гадзіны ў дзень, каб якасна прысутнічаць у Фэйсбуку. Прысутнічаць там дзеля галачкі бессэнсоўна”.

Аляксандр Мілінкевіч абяцае Еўрарадыё, што сур’ёзна падумае над выпраўленнем сітуацыі са сваёй прысутнасцю ў сацсетках, а Павел Севярынец шчыра папярэджвае: на Фэйсбук у яго няма часу, а вось Твітар сабе абавязкова бліжэйшым часам завядзе. Такое ж абяцанне — у хуткім часе абавязкова завесці старонку і ў Фэйсбуку, і ў Твітары дае намеснік старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч.

Што да іншых палітыкаў, то даволі актыўна ў сеціве прысутнічаюць лідар кампаніі “Наш дом” Вольга Карач і намеснікі лідара Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец. Любіць пажартаваць на сур'ёзныя тэмы Павел Вінаградаў (Zмена), актыўна абжывае сацсеткі "навасёл" Зміцер Дашкевіч (Малады Фронт). Зрэдку з’яўляюцца са сваімі думкамі Віталь Рымашэўскі (БХД), Рыгор Кастусёў (ПБНФ), Андрэй Саннікаў (“Еўрапейская Беларусь”), Алег Корбан (Альтэрнатыва), Віктар Карняенка.

Цікавае назіранне: маю ў фэйсбучных сябрах дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны, Сеймаў Польшчы і Літвы. Але ніводнага дэпутата беларускага парламента ці Савета Рэспублікі. Рыхтуючы матэрыял знайшоў толькі старонку парламентарыя-спартоўца Вадзіма Дзевятоўскага. Даслаў запыт і… быў далучаны да сяброў.

Што да іншых дэпутатаў ды сенатараў, то можа ў іх проста свая закрытая група?

Фота: Змітра Лукашука, www.gazeta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі