Чарговы беларускі палітзняволены збег з "хіміі"
22-гадовы палітзняволены Уладзіслаў Усцін збег з "хіміі" і пакінуў межы Беларусі, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
21 сакавіка яго накіравалі адбываць пакаранне ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №7 у Пружанскім раёне. Цяпер ён знаходзіцца ў іншай краіне.
Уладзіслава асудзілі на 3 гады "хіміі" па артыкуле за гвалт у дачыненні да міліцыянта. 14 ліпеня 2020 года хлопец удзельнічаў у стыхійнай акцыі пратэсту ў Мінску. Яго затрымалі, збівалі ў аўтазаку. На наступную раніцу Усціна вызвалілі, але 16 ліпеня зноў затрымалі і судзілі за штуршок супрацоўніка АМАПу.
Уладзіслаў Усцін не першы палітвязень, які збег з "хіміі" і пакінуў Беларусь. Дагэтуль падобнае здзейсніў Дзмітрый Кулакоў. Мужчыну асудзілі на 3,5 года "хіміі" за абразу і пагрозу гвалтам супрацоўнікам міліцыі ў тэлеграм-чаце. Ён адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №49 у Шклове. Цяпер ён уз'яднаўся з сям'ёй і знаходзіцца ў Літве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.