Чыноўнікі адкажуць перад законам за такую антыкавідную палітыку — Мікіта Салавей
Мікіта Салавей
Чыноўнікам яшчэ давядзецца адказаць перад законам і беларускім народам за такую палітыку падчас цяперашняй пандэміі COVID-19, заявіў былы галоўны інфекцыяніст Мінска Мікіта Салавей.
Ён нагадаў пра бразільскі прэцэдэнт, дзе ад каранавіруса і праз бяздумную палітыку ўладаў загінулі сотні тысяч чалавек. Прэзідэнту Жаіру Балсанару цяпер давядзецца адказваць на абвінавачванні ў злачынствах супраць чалавечнасці, падбухторванні да здзяйснення злачынстваў і "шарлатанстве" ў сувязі з яго барацьбой з пандэміяй.
Падставай для такой заявы беларускага лекара стала рашэнне Міністэрства аховы здароўя адмяніць абавязковы масачны рэжым. І гэта адбываецца, "калі паліклінікі і стацыянары ўстаноў аховы здароўя ўсіх рэгіёнаў краіны захлынаюцца ад пацыентаў c COVID-19, недахопу кіслароду, лекавых сродкаў, калі прыпыненае аказанне дапамогі пацыентам практычна з усёй планавай паталогіяй, калі многіх пацыентаў нават з вострымі захворваннямі лекары вымушаныя адпраўляць лячыцца дадому, бо фізічна няма куды шпіталізаваць", піша Салавей.
Паводле яго словаў, яго не здзіўляе пазіцыя чыноўнікаў з Міністэрства аховы здароўя — "там даўно ўсё зразумела". Там галоўная мэта — выслужыцца перад вышэйшым начальствам. Яго здзіўляе пазіцыя многіх калегаў.
"Колькі яшчэ трэба сотняў смерцяў пацыентаў у дзень, каб вы дасталі свае языкі з аднаго месца і нарэшце пачалі рабіць усё магчымае для спынення кавіднага вар'яцтва? У тым ліку ўплываючы на ключавыя рашэнні па прадухіленні далейшага распаўсюджвання пандэміі", — звярнуўся да калег інфекцыяніст і адразу ж сказаў, што гэта хутчэй рытарычнае пытанне.
Ён таксама папрасіў пацыентаў з разуменнем паставіцца да таго, з чым сутыкнуліся ў цяперашні час медыкі. Па словах Салаўя, яны стараюцца з усіх сіл. Але не ўсё залежыць ад лекараў. Таму ён папрасіў "як мага хутчэй вакцынавацца ўсіх, хто гэтага яшчэ не зрабіў" і насіць маскі хоць бы ў транспарце і людных месцах, а таксама адмовіцца ад неабавязковых паходаў у крамы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.