Чыноўнікі: Указ Лукашэнкі значна аблегчыць умовы дзейнасці ІП

Пра гэта было заяўлена 26 траўня на брыфінгу прадстаўнікоў Міністэрства па падатках і зборах ды шэрагу саюзаў прадпрымальнікаў.

Нагадаем, з ліпеня ў сілу ўступіць патрабаванне Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана аб абавязковым дакументальным пацвярджэнні індывідуальнымі прадпрымальнікамі (ІП) паходжання тавара. Дагэтуль прадпрымальнікі-плацельшчыкі адзінага падатку маглі такіх дакументаў не мець. Чыноўнікі лічаць, што дзейнасць прадпрымальнікаў у новых умовах значна аблегчыць падпісаны на мінулым тыдні ўказ кіраўніка дзяржавы. У прыватнасці, для прадпрымальнікаў, якія маюць суправаджальныя дакументы, рэжым падаткаабкладання стане больш выгадным, адзначае тэлеканал "Беларусь 1".



Вось што заявіў Міхаіл Расолька, начальнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах:



"Пры наяўнасці дакументаў прадпрымальнікі маюць права пераходзіць на выплату іншых рэжымаў падаткаабкладання. Гэта альбо падаходны падатак альбо спрошчаная сістэма падаткаабкладання. Па спрошчанай сістэме прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль, могуць выплачваць 3% з выручкі".



Указ дазваляе індывідуальным прадпрымальнікам браць трох наёмных работнікаў не з ліку сваякоў. Таксама прадпрымальнікі змогуць прадаваць рэшткі тавараў без суправаджальных дакументаў да 1 сакавіка 2015 года. Для гэтага неабходна скласці вопіс усёй нерэалізаванай прадукцыі і да 30 ліпеня гэтага года зарэгістраваць яго ў падатковым органе.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі