Чыё шоў было лепшым, Linkin Park ці іх фанатаў? (фота)

Linkin Park упершыню завіталі ў Беларусь з канцэртам у межах тура ў падтрымку свайго апошняга альбома "The Hunting Party", які выйшаў крыху больш за год таму. Вечарам 27 жніўня Мінск-Арэна была блізкая да статусу "солд-аўт". Пэўная атмасфера ўрачыстасці лунала ад пляцоўкай, пакуль публіка чакала сустрэчы з адным са знакавых гуртоў мінулага дзесяцігоддзя, аднак у выніку была змазаная нудным сапарт-сэтам ад айчыннай каманды Rili Dope, зацягнутым чаканнем саміх зорак вечара і няякасным гукам, з якім стартаваў выступ Linkin Park.

Аднак, у выніку беларусы, аддаўшы за квіткі ад мільёна да двух з паловай, не далі сапсаваць сабе свята разнастайнымі хібамі і ўзяліся ствараць яго ўласнымі рукамі. Харавое выкананне песень і фанацкія перфомансы — даволі шараговыя рэчы на канцэртах зорак, аднак у гэтым выпадку, падобна, публіка пераўзышла ў аддачы энергіі не толькі саміх музыкаў, ужо прыстойна стомленых турам, які цягнецца больш за год, але і саму сябе. Падчас канцэрта фронтмэн Linkin Park Чэстар Бэнінгтан актыўна лез абдымацца з людзьмі ў фан-зоне, а пасля нават адпісаўся ў Твітары, маўляў "Шоў у Мінску было вар'яцкім!! Публіка — адна з найлепшых". Пад завяршэнне імпрэзы музыкі паабяцалі, што вернуцца, а мы ў сваю чаргу спадзяемся, што за сваю адданасць наступным разам беларусы атрымаюць найлепшае шоў і ўжо без нюансаў.

Другое і трэцяе фота са старонкі Linkin Park ў Instagram

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі