Ці паб’юцца беларускія дэпутаты перад тэлекамерамі?
Палата прадстаўнікоў плануе пачаць тэлетрансляцыі з сесій беларускага парламента, але калі гэта будзе — пакуль невядома.
Сесіі Палаты прадстаўнікоў плануюць паказваць па тэлебачанні. Такую ідэю перад новай сесіяй агучвае старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Кіраўнік Інфармацыйнага ўпраўлення ніжняй палаты парламента Мікалай Ліс пацвярджае: тэлетрансляцыі будуць.
“Мы вядзём радыётрансляцыі і, верагодна, будзем весці і тэлетрансляцыі. Пакуль дакладнай канкрэтнай даты іх пачатку няма. Аб радыётрансляцыях мы дамаўляемся з Белтэлерадыёкампаніяй. Яны арганізоўваюць. Хутчэй за ўсё, яны ж будуць займацца і тэлетрансляцыямі”.
Практыка гэта для Беларусі не новая — у першай палове 1990-х на ўсю краіну паказвалі пасяджэнні Вярхоўнага савета. Трансляцыі тады карысталіся вялікай папулярнасцю, бо людзі маглі адсочваць, чым насамрэч займаецца іх абраннік, узгадвае дэпутат Вярхоўнага савета 12-га склікання Алег Трусаў.
“Гэта вельмі важна. Па-першае, выбаршчыкі заўсёды бачаць, ці ёсць іх дэпутат на сесіі, ці не гуляе недзе. А па-другое, мы мелі права зачытваць у прамым эфіры просьбы і звароты людзей. І ўрад павінен быў на іх адказваць. І гэта надзвычай важна, каб людзі бачылі свайго дэпутата. Тады ўсе ведалі свайго дэпутата ў твар!”
Трусаў узгадвае, што ў сваю бытнасць дэпутатам Вярхоўнага савета быў знаёмы з вялікай колькасцю людзей — дырэктарамі школ, крамаў, проста актыўнымі людзьмі.
“Мяне пазнавалі, ведалі ў твар”, — гаворыць ён. І наракае, што цяпер нават сам не зможа ўзгадаць прозвішча свайго дэпутата. У тое, што Палата прадстаўнікоў стане такой жа адкрытай для людзей, як некалі Вярхоўны савет, Трусаў не верыць.
“Я вось баюся, што гэта будзе прафанацыя. Пакажуць хвілін пяць з пачатку і канца сесіі. Не думаю, што ўсё будуць трансляваць”.
Пакуль у Беларусь толькі збіраюцца вярнуць дэпутатаў у тэлевізары, ва Украіне ўжо 14 гадоў працуе тэлеканал, дзе пастаянна транслююць паседжанні Вярхоўнай рады.
“У нас ёсць уласны тэлеканал. Называецца “Рада”. Там транслююць пасяджэнні, брыфінгі, прэс-канферэнцыі, пасяджэнні камітэтаў. Магчыма, не ўсе паседжанні, але па жаданні дэпутатаў іх паказваюць у прамым эфіры. А пасяджэнні парламента — усе заўсёды ідуць у жывой трансляцыі”, — расказваюць у прэс-службе ўкраінскага парламента.
І дадаюць, што іх тэлеканал не абдзелены ўвагай гледачоў. Не дзіўна, калі ўлічыць, якія відовішчныя кадры часам разыходзяцца з Вярхоўнай Рады Украіны. Асабліва напярэдадні важных палітычных падзей.
Беларускія дэпутаты наўрад ці будуць выглядаць на тэлеэкранах такімі ж экспрэсіўнымі, як іх украінскія калегі. Але пасля з’яўлення тэлетрансляцый з Палаты прадстаўнікоў мы хаця б зможам пабачыць, як яны насамрэч выглядаюць.
Фота - pixanews.com