Ці перакінецца плынь бежанцаў у выпадку закрыцця межаў ЕС на Беларусь
Сёння кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер аб’явіць пра размеркаванне 120 тысяч бежанцаў па краінах Еўрасаюза. Па словах канцлера ФРГ Ангелы Меркель, гэты крок стане першым для вырашэння гэтага крызісу.
Сістэма квот прадугледжвае размеркаванне 60% бежанцаў, якія цяпер знаходзяцца ў Італіі, Грэцыі і Венгрыі, паміж Германіяй, Францыяй і Іспаніяй.
Тым часам бежанцы працягваюць прыбываць у Еўропу. Толькі цягам панядзелка ў Македонію прыехала 7 тысяч чалавек і 30 тысяч — на грэчаскія астравы. Прагназуецца, што яшчэ 40 тысяч прыедзе ў Венгрыю да канца наступнага тыдня, паведамляе расійская служба ВВС.
Бежанцы з Блізкага Усходу неаднаразова заяўлялі, што рухаюцца пераважна ў Германію. Чаму яны абіраюць менавіта гэтую краіну?
Палітолаг Андрэй Елісееў кажа, што ёсць некалькі прычын, чаму ўцекачы імкнуцца ў Германію, Вялікабрытанію і Скандынаўскія краіны.
Першая — у гэтых краінах эканамічны ўзровень куды лепшы, чым у краінах Цэнтральнай Еўропы.
“Яшчэ адным фактарам з’яўляецца наяўнасць так званых міграцыйных сетак. Гэта знаёмыя, блізкія і сваякі, якія ўладкаваліся і жывуць у гэтых краінах. Напрыклад, у Швецыі і Германіі ўжо жывуць тысячы мігрантаў з Блізкага Усходу. І, верагодна, частка з гэтай плыні ўцекачоў мае знаёмых ці родных там”, — кажа палітолаг.
Таксама важная прычына — у гэтых краінах лепшая інфраструктура для ўтрымання бежанцаў. Некаторыя краіны, якія ляжаць па дарозе, фізічна не маюць магчымасцяў прымаць мігрантаў. Некаторыя краіны маюць больш ліберальныя працэдуры разглядання заявак. Выдаюць спецыяльныя інтэграцыйныя гранты імігрантам, а некаторыя краіны даюць нашмат бяднейшую дапамогу. Усё гэта ўплывае на выбар уцекачоў.
У некаторых жыхароў еўрапейскіх краін з’яўляецца пытанне, чаму тыя ж самыя сірыйцы не едуць у больш багатыя мусульманскія краіны. Такія, як Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Саудаўская Аравія, Катар.
Палітолаг Інстытута міжнародных адносінаў Віленскага ўніверсітэта Томас Янелюнас кажа, што перш за ўсё гэта звязана з жорсткай палітыкай дэпартацыі у гэтых краінах. Яшчэ вясной Саудаўская Аравія выслала вялікую колькасць нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў краіну без патрэбных дакументаў.
“Ну і другі аспект такі, што для таго, каб дасягнуць Саудаўскай Аравіі трэба перасекчы неспрыяльныя фізічныя бар’еры — там жа пустыня. А ісці праз іракскую мяжу, дзе акурат вядуцца баі з Ісламскай дзяржавай, не надта прываблівае бежанцаў”, — мяркуе палітолаг.
Ён дадае, што вялікая колькасць людзей сыходзіць у Ліван, Іарданію і Турцыю. Адкуль яны і вырашаюць уцякаць у Еўропу.
Ці магчыма, што ў выпадку пагаршэння ўмоваў для бежанцаў у Еўропе, гэтая вялікая плынь перасунецца ў кірунку Беларусі?
Андрэй Елісееў кажа, што такі сцэнарый малаверагодны. Уцекачы з Блізкага ўсходу бягуць часцей за ўсё праз Турцыю. Гэтая краіна мае ўсю інфраструктуру, каб часова прыняць мігрантаў.
“Напрыклад, у Стамбуле ёсць цэлыя кварталы дзе нелегальныя мігранты з Блізкага Усходу і Афрыкі жывуць гадамі, маюць нейкую працу. І яны там ці ўладкоўваюцца на даўжэйшы час, ці чакаюць больш спрыяльнага моманту, каб рухацца далей у Еўропу”, — кажа палітолаг.
На яго думку, уцекачы адтуль у наш рэгіён не паедуць. Перш за ўсё, з-за геаграфічных цяжкасцяў. А таксама з-за таго, што ўмовы для бежанцаў тут не нашмат лепшыя, чым у Турцыю. Разам з тым Беларусь мае пагадненне аб рэадмісіі (згода на дэпартацыю) з Турцыяй. І нелегалаў будуць проста дэпартаваць назад.
Напрыклад, сірыйцам, якія складаюць большую частку плыні бежанцаў, патрэбная віза як у Беларусь, так і ў Расію, і ва Ўкраіну. А значыць, яны могуць быць дэпартаваныя яшчэ на шляху да нашай краіны.
ААН тым часам звяртае ўвагу на маштаб праблемы, які павялічваецца, публікуючы новыя дадзеныя, якія сведчаць, што згодна з новымі прагнозамі, марскім шляхам у Еўропу ў 2015 годзе прыедзе 400 тысяч бежанцаў, а ў 2016 — яшчэ 450 тысяч.
Фота: Nikolay Doychinov/AFP, EFE/Henning Kaiser, MANDEL NGAN/AFP/Getty Images, Markus Schreiber/AP