Ці выканаюць патрабаванні беларускіх баскетбалістак?

Прайшло больш за два тыдні са дня напісання адкрытага ліста беларускімі баскетбалісткамі. Дзяўчаты заявілі, што адмовяцца выступаць за зборную, калі не палепшацца ўмовы трэніровак. Таксама яны патрабавалі палепшыць экіпіроўку — выдаваць яе загадзя і ў адпаведнасці з надвор'ем.

Еўрарадыё вырашыла праверыць, як вырашаецца пытанне.

“Пакуль канкрэтнага нічога няма”, — паведаміў Еўрарадыё першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола Валеры Гарэлікаў. Па яго словах, цяпер галоўны трэнер зборнай разам са спартсменкамі павінны канкрэтна прапісаць свае патрабаванні:

“У лісце, як вы ведаеце, канкрэтыкі няма. І каб мы не размаўлялі агульнымі фразамі, старшыня федэрацыі папрасіў галоўнага трэнера дакладна сфармуляваць пазіцыі, па якіх ёсць пытанні… Таму што вы і самі бачыце з ліста, што канкрэтных праблемных месцаў няма. Ёсць агульныя накірункі, якія турбуюць спартсменак. Хацелася б гэта канкрэтызаваць”.

Крайні тэрмін для падачы інфармацыі — наступны выканкам, які адбудзецца 11 лістапада, адзначыў спадар Гарэлікаў:

“Хаця мы прасілі зрабіць гэта ўсё загадзя, каб можна было сабрацца і прарэагаваць. На сёння ніякай інфармацыі ні ў кіраўніка, ні ў мяне ад галоўнага трэнера няма. Калі нічога не будзе да заўтра, я буду ўжо звязвацца з Наталляй Трафімавай, капітанам зборнай: магчыма, да яе гэтыя рэчы яшчэ не дайшлі…”


Як высветлілася, ініцыятар ліста, капітан жаночай зборнай Наталля Трафімава, сапраўды не ў курсе таго, што каманда павінна напісаць канкрэтныя патрабаванні:

“Я думаю, што ў пісьме ўсё даволі ясна напісана, што менавіта нам трэба. Абяцалі знайсці вінаватага, але нам не трэба знаходзіць вінаватага ў гэтых “праколах”, мы проста хочам ажыццявіць тое, што напісана ў лісце. Я не думаю, што там нейкія немагчымыя ўмовы”.

Еўрарадыё пацікавілася ў галоўнага трэнера жаночай зборнай, ці пачаў ён складаць больш канкрэтны спіс і што туды ўвойдзе. Анатоль Буяльскі ў адказ на гэтае пытанне рассмяяўся.

Анатоль Буяльскі: Мне так смешна гэта чуць.
Еўрарадыё: Чаму?
Анатоль Буяльскі: Я ўжо пяць гадоў пра гэта кажу і нічога не змяняецца. І кожны раз мне трэба скласці яшчэ больш канкрэтны спіс.

Спадар Буяльскі яшчэ раз пералічыў асноўныя праблемы:

“У нас няма свайго дому, залы, сваёй базы. Таксама з формай усё робіцца ў апошні момант. Цяпер мы, як бедныя жабрачкі, падарожнічаем з адной залы ў іншую — хто дазволіць патрэніравацца. Мы за час падрыхтоўкі да чэмпіянату свету патрэніраваліся і на “Мінск-арэне”, і ў “Мінск-2006” і ў “Стайках”…”

Згодна са словамі галоўнага трэнера, усе даўно ведаюць пра праблемы, і канкрэтызаваць іх яшчэ больш няма сэнсу. А на наступным выканкаме ён зачытае справаздачу па мінулым чэмпіянаце свету:

“Спісы? Ужо ўсе ўсё даўно ведаюць… На выканкаме я буду даваць справаздачу па чэмпіянаце свету. Што зробіць выканкам? Залу мне зробіць? Я не ведаю, шчыра кажучы… Мяне просяць у тысячны раз паўтарыць тое, пра што мы кажам ужо колькі гадоў. Я выступлю са справаздачай па чэмпіянаце свету”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі