Ці законна браць мільён за гарантыю тэлевізара ад скачка напружання?

Ці законна браць мільён за гарантыю тэлевізара ад скачка напружання?

Пра тое, што за тэлевізар з беспрацэнтнай растэрміноўкай за 7 мільёнаў трэба даплаціць больш за мільён, мінчанін даведаўся толькі пры яе афармленні. Як высветлілася, крама прапанавала растэрміноўку на ўмовах абавязковай аплаты дадатковага сэрвісу.

“У нас такія ўмовы: калі вы хочаце, можаце не пагаджацца на растэрміноўку і аплаціць тавар поўнасцю. Тады набываць дадатковы сэрвіс не трэба. У нас такая “акцыя”, — паўтараюць дзяўчаты-кансультанкі “5 элемента”.

Крама дае растэрміноўку на асаблівых умовах: першапачатковы ўнёсак — 20% ад кошту тавару плюс дадатковы сэрвіс. Адмовіцца ад яго немагчыма. У выніку за тэлевізар цаной 7 мільёнаў мінчук заплаціў 8,5! Нібыта ўзяў не растэрміноўку, а крэдыт, няхай і пад маленькія, але працэнты.

У “Электрасіле” таксама дадатковы сэрвіс. Але толькі я збіраюся абурыцца і выказаць сваё “фе”, як менеджар Аляксандр працягвае:

“Сервіс добраахвотны, можаце адмовіцца. Адзіная ўмова: калі ў растэрміноўку афармляцца будзеце, вам трэба будзе ўнесці не 20% ад першапачатковага плацяжу, а 30%. І ўсё”.

Менеджары “Кароны-тэхна” кажуць, што пры растэрміноўцы тавар вырасце ў цане на 10%.

Кансультант крамы “5 элемент” расказвае, што сабой уяўляе гэты самы “дадатковы сэрвіс” і чым ён адрозніваецца ад звычайнай гарантыі вытворцы:

“Тэрмін дзеяння гарантыі падоўжаны, а таксама мы адрамантуем ваш тэлевізар пасля скачка напружання. Гэта адзінае з негарантыйных выпадкаў. Астатняе ўсё як у гарантыі. Таксама мы пракансультуем вас і правядзем абслугоўванне раз на год”.

 

Ці законна браць мільён за гарантыю тэлевізара ад скачка напружання?
Умовы дадатковага сэрвісу тыя ж, як і пры звычайнай гарантыі, якую і так дае вытворца тэхнікі

Звяртаемся ў Мінгандлю. Што на гэта скажа орган, які за адсутнасць у краме прасаў беларускай вытворчасці закрывае краму на дзесяць дзён? На гарачай лініі Еўрарадыё завяраюць, што ніхто не можа навязваць дадатковыя паслугі, і раяць напісаць скаргу ў краму, а потым ужо да іх.

Ва ўпраўленні па абароне спажыўцоў Мінгандлю спасылаюцца на пункт 2 артыкула 19 закона “Аб абароне спажыўцоў”: “Абумоўліваць набыццё тавару, работы, паслугі набыццём іншых тавараў, работ ці паслуг забаронена”.

Але ў Мінгандлю агаворваюцца: калі гэта ўмова акцыі, парушэнняў быццам і няма. Тым больш калі за растэрміноўку крама нічога не бярэ:

“Вам не могуць навязваць паслугі, калі яны бяруць плату за растэрміноўку. Тут жа яны быццам бы і не бяруць…”

Чытаем дамову растэрміноўкі: памер працэнтнай стаўкі складае 0,0001% гадавых.

У канцы Мінгандлю раіць заняцца сваёй праблемай самастойна: напісаць скаргу ў краму, звярнуцца ў суд. Урэшце, абарона правоў пакупнікоў — справа саміх пакупнікоў?

У выніку, пасля званкоў Еўрарадыё, "акцыю" ў краме знялі, хоць да яе сканчэння засталося яшчэ два дні...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі