Ціханоўская сустрэлася з экс-прэм'ерам Грэцыі — праўнукам паўстанца Каліноўскага
Падчас свайго візіту ў Грэцыю Святлана Ціханоўская сустрэлася з нашчадкам аднаго з паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Пра гэта паведамляе яе дарадца Франак Вячорка.
"Ціханоўская сустракаецца з Георгіясам Папандрэу — былым прэм'ерам Грэцыі, праўнукам Зыгмунта Мінейкі, аднаго з лідараў паўстання Каліноўскага. Першае, што зрабіў Папандрэу — расказаў Ціханоўскай пра свае беларускія карані і жаданне прыехаць у свабодную Беларусь", — напісаў Вячорка.
Зыгмунт Мінейка быў асуджаны на катаргу, але ўцёк з яе. У Парыжы закончыў акадэмію французскага Генштаба, потым перабраўся ў Грэцыю. Удзельнічаў у вайне за Крыт, якую вялі Грэцыя і Турцыя. Акрамя таго, ён быў папулярызатарам Алміпійскіх гульняў 1896 года ў Афінах. Зыгмунт Мінейка памёр у Афінах у 1925 годзе.
Яго дачка Зоф'я выйшла замуж за прадстаўніка клана Папандрэу, які даў Грэцыі шэраг палітычных дзеячаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.