Ціханоўская прывезла экс-прэм'еру Грэцыі архіўныя матэрыялы пра яго сям’ю

Святлана Ціханоўская выступіла у Грэціі на Дэльфійскім эканамічным форуме 

Святлана Ціханоўская выступіла у Грэціі на Дэльфійскім эканамічным форуме  / @tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская перадала былому прэм’ер-міністру Грэцыі Георгіясу Папандрэу архіўныя матэрыялы пра яго прадзеда. Сустрэча адбылася днямі ў Афінах, распавёў "Позірку" галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка. Прадзед палітыка Зыгмунт Мінейка нарадзіўся ў Беларусі і браў актыўны ўдзел у паўстанні Каліноўскага. Пасля здушэння паўстання ён быў высланы ў Сібір. Адтуль пазней перабраўся ў Грэцыю, дзе таксама ўдзельнічаў у барацьбе за незалежнасць. 

"Ціханоўская прывезла былому прэм’еру архіўныя матэрыялы, у тым ліку радавод, фотаздымкі яго продкаў, а таксама матэрыялы пра маёнтак і землі Мінейкаў у Беларусі", — распавёў Вячорка. Па яго словах, Папандрэу вельмі ганарыцца сваім паходжаннем. 

Ціханоўская запрасіла палітыка у Вільнюс, дзе можна наведаць месцы пахавання яго сваякоў. Яна таксама "выказала спадзяванне, што яны разам змогуць наведаць мясціны Мінейкаў у Беларусі, калі Беларусь стане свабоднай", — адзначыў Вячорка. Ціханоўская таксама падаравала грэчаскаму экс-прэм’еру кнігу мемуараў Зыгмунта Мінейкі "З Тайгі пад Акропаль", выдадзеную на беларускай мове. 

Нагадаем, Георгіяс Папандрэу-малодшы узначальваў урад Грэцыі ў 2009–2011 гадах, раней быў міністрам замежных спраў, міністрам адукацыі і па справах рэлігіі. Ціханоўская і Папандрэу ўжо сустракаліся ў Афінах, гэта было ў траўні 2021 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі