ЦВК палохае штрафам у 630 рублёў за фота выбарчых бюлетэняў
Галасаванне
За фота- і відэаздмкі запоўненага выбарчага бюлетэня беларусам пагражае штраф у 15 базавых велічыняў (630 рублёў, або каля 180 долараў). Пра гэта журналістам заявіла сакратар Цэнтрвыбаркама Алена Балдоўская.
Забарону на здымкі выбарчых бюлетэняў увялі пасля 2020 года. Тады дзякуючы здымкам, дасланым на анлайн-платформу "Голас", удалося паказаць яўную перавагу Святланы Ціханоўскай падчас галасавання.
Цяпер улады прыраўнавалі здымкі бюлетэняў да агітацыі, што забаронена ў дзень выбараў.
"Забарона на фота- і відэаздымкі запоўненага бюлетэня звязаная з прынцыпам таямніцы галасавання. Калі грамадзянін выстаўляе на ўсеагульны агляд тое, як ён прагаласаваў у асноўны дзень выбараў, ён, па сутнасці, ажыццяўляе агітацыю. Агітацыя 26 студзеня забароненая", — падкрэсліла Балдоўская.
Але здымак можна апублікаваць пасля закрыцця выбарчых участкаў — і гэта не будзе агітацыяй у дзень выбараў.
Таксама ўлады забараняюць выносіць бюлетэнь для галасавання. "Закон дакладна вызначае, якія дзеянні павінен здзейсніць выбаршчык на ўчастку для галасавання. Ён атрымлівае бюлетэнь, ён павінен выказаць сваё волевыяўленне і запоўнены бюлетэнь паводле закону апускаецца ў скрыню для галасавання", — заявіла Балдоўская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.