ЦВК патлумачыў, што ў назіральнікаў будзе графік: "лішнія" на ўчастак не трапяць

ЦВК патлумачыў, што ў назіральнікаў будзе графік: "лішнія" на ўчастак не трапяць

У ЦВК Беларусі патлумачылі, што ў назіральнікаў будзе графік прысутнасці на выбарчым участку на прэзідэнцкіх выбарах. На мінулым тыдні было прынята рашэнне пра абмежаванне колькасці назіральнікаў на участках: у дні датэрміновага галасавання іх можа быць не больш трох, 9 жніўня — не больш пяці (і не больш за 50% ад складу ўчастковай выбарчай камісіі). Пры гэтым старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына спаслалася і на "эпідэміялагічную сітуацыю", і на тое, што ў прысутнасці шматлікіх назіральнікаў сябры ўчастковых камісій "не адчуваюць сябе абароненымі ні фізічна, ні маральна". Змяніць гэтае рашэнне ў Цэнтрвыбаркаме адмовіліся.

Паколькі значную колькасць заявак ужо падалі прадстаўнікі праўладных арганізацый, узнікла пагроза, што незалежныя назіральнікі з-за абмежавання на ўчасткі проста не трапяць. У іх была надзея, што гэта ўдасца зрабіць пры фізічнай адсутнасці на ўчастку праўладных назіральнікаў. Аднак тлумачэнне ЦВК гэта выключае. "Назіральнікаў на ўчастку можа і зусім не быць, але новага назіральніка ўсё роўна не дапусцяць", піша на сваёй старонцы ў Facebook палітолаг Юрый Чавусаў.

Участковая камісія складзе два графікі прысутнасці назіральнікаў: у дні датэрміновага галасавання (дзеліцца на два перыяды — з 10:00 да 14:00 і з 16:00 да 19:00) і ў дзень выбараў (з 8:00 да 15:00 і з 15:00 да заканчэння падліку галасоў). Падкрэсліваецца, што гэты парадак будзе выкарыстоўвацца на тых выбарчых участках, дзе акрэдытавалася назіральнікаў больш, чым дазволена.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі