ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Лукашэнкі, Калякіна, Гайдукевіча

17 ліпеня на паседжанні ЦВК Беларусі разглядаліся дакументы трох ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэты па зборы подпісаў. Адзінагалосна была зарэгістраваная група Аляксандра Лукашэнкі. Таксама зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна (была выключаная са спісу жанчына, у якой не аказалася беларускага грамадзянства), лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргея Гайдукевіча (выключылі трох чалавек — грамадзянку Расіі і двух непаўналетніх).

Нагадаем, на сённяшнюю раніцу дакументы ў ЦВК падалі 10 ініцыятыўных груп. І іх колькасць сёння яшчэ можа ўзрасці, прымаць дакументы будуць да 19-й.

Рашэнні па іншых групах ЦВК прыме ў панядзелак, 20 ліпеня, а 12-й гадзіне. Па словах старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, яна пакуль бачыць перспектывы толькі ў 5 ініцыятыўных груп. Гэта тры, якія былі зарэгістраваныя, і яшчэ 2, якія яна не назвала. Ярмошына з упэўненасцю сказала, што не будзе зарэгістраваная група Мікалая Статкевіча. Парушэнні былі выяўленыя і ў шэрагу іншых груп. Напрыклад, не маюць шанца на рэгістрацыю тыя, хто дасылаў дакументы па пошце (напрыклад, так зрабіў Сяргей Заблоцкі).

Лідзія Ярмошына згадала Таццяну Караткевіч і адзначыла, што ніякіх палёгкаў жанчыны-кандыдаткі не атрымаюць. Паводле слоў старшыні ЦВК, дакументы, якія падала Караткевіч, "якасна адрозніваюцца ад дакументаў, якія падалі іншыя жанчыны" (Ірына Першына і Жанна Раманоўская). Да таго ж, у яе большая група, чым у іх.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 кастрычніка.

Фота Алеся Пілецкага, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі