Да канца года працу могуць спыніць да 15 тысяч ІП
Такую лічбу назваў старшыня ГА "Беларускі саюз прадпрымальнікаў" Аляксандр Калінін.
Да пачатку 2016 года каля 15 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў могуць спыніць сваю працу альбо перайсці з гандлю ў іншыя сферы дзейнасці. Такое меркаванне выказаў старшыня ГА "Беларускі саюз прадпрымальнікаў" Аляксандр Калінін, перадае interfax.by.
На думку эксперта, многія ІП паралельна з распродажам несертыфікаванага тавару будуць паступова сыходзіць са сферы рознічнага гандлю.
Нагадаем, што паводле ўказу Лукашэнкі №143 ад 30 сакавіка ІП атрымалі да 1 студзеня 2016 года права прадаваць рэшткі тавараў, увезеных без пацвярджальных дакументаў. Пры гэтым для іх уведзены павышальны каэфіцыента пры вылічэнні адзінага падатку, а таксама падатак на даданую вартасць у фіксаванай суме з павелічэннем у чатыры этапы.
Калінін адзначыў, што ў трэцім і чацвёртым квартале падымецца стаўка падатку, і чыста эканамічна да канца года індывідуальных прадпрымальнікаў застанецца зусім няшмат. Ён дадаў, што год таму, калі пачаў дзейнічаць указ №222 наконт сертыфікатаў на тавары лёгкай прамысловасці, пад яго трапляла 61,5 тыс. чалавек, цяпер — каля 30 тысяч.
Фота — ctv.by