Да палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк не пусцілі адваката
Паліна Шарэнда-Панасюк / spring96.org
Да палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк не пусцілі адваката. Пра гэта "Белсату" расказаў яе муж Андрэй Шарэнда.
"Адвакат Паліны адмыслова прыехаў з Брэста ў калонію ў Гомельскую вобласць, каб сустрэцца з ёй, але атрымаў адмову. Быццам бы Паліна мусіла напісаць заяву, што хоча сустрэцца з адвакатам, і гэта стандартная адгаворка. Паліна адказна падыходзіць да такіх момантаў, і ўсе заявы напісаныя загадзя", — кажа Андрэй.
Звестак пра палітзняволеную няма ўжо месяц. Па словах мужа, на Новы год Паліну змясцілі ў ШІЗА, а час перабывання там не залічваецца ў час знаходжання ў ПКТ. "Фактычна, Паліна можа знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу значна болей, чым тыя паўгода, што ёй выпісалі", — падкрэслівае Андрэй Шарэнда.
Паліна Шарэнда асуджаная на два гады зняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Падчас зняволення ёй дадалі яшчэ адзін год да асноўнага тэрміну. Цяпер Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў жаночай папраўчай калоніі № 24 (Зарэчча).
Яе муж і два малыя сыны з'ехалі ў Польшчу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.