Дапамогі на нараджэнне дзіцяці хопіць на аплату працэнтаў крэдыту на ЭКА
А штомесячная дапамога на дзіця акраз пойдзе на аплату крэдыту на штучнае апладненне і яшчэ трошкі на памперсы застанецца.
Згодна з прэзідэнцкім указам цяпер можна ўзяць ільготны крэдыт на экстракарпаральнае апладненне. У “Беларусбанку” дзяўчына кансультант тлумачыць мне ўмовы атрымання:
“Крэдыт даём на 5 гадоў, пад 50% ад стаўкі рэфінансавання. У выпадку станоўчага выніку даецца адтэрміноўка на выплату крэдыту на 3 гады”. Крэдыт можа ўзяць толькі будучая маці — ні родным, ні блізкім, ні, нават мужу на гэтыя грошы разлічваць не даводзіцца.
Але цікава, што крэдыт можна атрымаць дзяўчына, якая не замужам:
“А чаму б і не? Ва ўказе нічога пра гэта не сказана”, — кажуць у “Беларусбанку”. Важныя толькі грошы: чым меней заробак будучай маці, тым меншай будзе сума крэдыту.
Калі, да прыкладу, жанчына атрымлівае толькі 2 мільёны рублёў (а такі заробак у нас ў краіне атрымліваюць выхавацелькі дзіцячых садкоў), дык на ЭКА ў банку дадуць невялікую суму.
“Пры такім заробку можаце разлічваць на 16 мільёнаў крэдыту. Аддаць вам трэба будзе 21 мільён”, — распавядаюць у банку. ЭКА ў сталіцы каштуе каля 15-20 мільёнаў, дадайце да гэтай сумы 5-10 мільёнаў за прэпараты — атрымліваецца каля 30-35 мільёнаў за адну спробу ЭКА. А таксама аплату кансультацыі доктара — 100 тысяч, без якой аперацыю не праводзяць.
Пры заробку ў 5,4 мільёны (гэта сярэдні заробак па краіне) можна разлічваць на максімальную суму крэдыту — 39 мільёнаў. Аддаваць звыш крэдыту трэба будзе каля 11 мільёнаў! Сума выплаты ў месяц складзе каля 800 тысяч рублёў.
Еўрарадыё падлічыла, ці хопіць дапамогі дзяржавы за нараджэнне дзіцяці на выплату працэнтаў па крэдыце?
“За нараджэнне дзіцяці маці атрымлівае 10,475 мільёна, дапамога да 12 тыдняў складае 1,457 мільёна, а да трох гадоў — 1,9 мільёнаў”, — кажуць у Фондзе сацабароны Мінска. Такім чынам, дапамогі хопіць як раз на выплату працэнтаў аднаго крэдыту! А палова дапамогі на дзіця пойдзе на аплату сумы крэдыту і трошкі застанецца на памперсы.
Але ў выпадку няўдачы наступны крэдыт бацькі змогуць ўзяць толькі пасля выплаты сумы з працэнтамі. Шанец зацяжараць праз ЭКА з першай спробы ў маладых дзяўчат складае 60-70%, у сярэднім з першай спробы наступае цяжарнасць 35-40% пацыентак. Напрыканцы цікаўлюся ў банку, ці многія ўжо ўзялі крэдыт. Аказалася, зваротаў зашмат, а вось крэдытаў пакуль — ніводнага.
“Дамоваў ніхто не заключаў. Але дакументы падавалі. Ну вось людзі такія адчайныя ў нас ёсць”, — выдае мне дзяўчына.