"Дата генератар": 30 красавіка 1859 — забаронена друкаваць кнігі лацінкай
Галоўнае ўпраўленне цэнзуры МУС Расійскай Імперыі цыркулярам ад 30 красавіка 1859 года забараніла друкаваць украінскую літаратуру "для народа" лацінскім шрыфтам. Гэты дакумент быў распаўсюджаны і на беларускую мову. Менавіта на падставе яго цэнзура забараніла выданне паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш" у перакладзе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Па ініцыятыве міністра ўнутраных спраў імперыі (1861–1868) Пятра Валуева ў 1863 годзе было забаронена друкаваць на ўкраінскай мове кнігі духоўна-маральнага зместу, забаронены ўвоз з-за мяжы ўсіх украінскіх кніг, а ў межах Расіі дазволена друкаванне толькі гістарычных дакументаў і твораў мастацкай літаратуры. І гэта забарона таксама была распаўсюджаны на беларускія губерні.
Таму ў 60–80-я гады ХIХ стагоддзя ў Расійскай Імперыі не было апублікавана ніводнага літаратурнага твора на беларускай мове, за выключэннем фальклорных зборнікаў Імператарскай Акадэміі Навук. Кнігі, часопісы і газеты на беларускай мове да 1905 года не выходзілі.
Апякун Віленскай навучальнай акругі Аляксандр Шырынскі-Шахматаў (1861–1864) хацеў увесці навучанне на беларускай мове ў школах для дзяцей сялян. Але гэта не атрымалася. А яго пераемнік Іван Карнілаў (1864—1868 гг.) заявіў пра беднату мовы беларускага народа і адсутнасць літаратурнай мовы, з чаго зрабіў выснову пра "бескарыснасць" друкавання кніг на беларускім "нарэччы".
Закон не забараняў публікацыю мастацкіх твораў на беларускай мове кірыліцай. Але іх лёс вырашала цэнзура, якая кіравалася не толькі законамі, але і "ўласным меркаваннем". Так, 16 сакавіка 1899 года адзін з віленскіх цэнзараў звярнуўся ў Галоўнае ўпраўленне па справах друку МУС з пытаннем пра дазвол друку на беларускай мове "беларускіх апавяданняў Мацея Бурачка". У сваім запыце цэнзар пісаў:
"Не прячется ли в этом сочинении тенденция, помимо "малорусской", создать ещё "белорусскую" литературу и, таким образом, разбить и ослабить литературное и национальное единство, а в результате этого и политическую мощь русского народа…"
У адказ Галоўнае ўпраўленне паведаміла, што тэкст, аўтарам якога быў Францішак Багушэвіч, нельга друкаваць.
Таму не дзіўна тое, што руская мова да пачатку ХХ стагоддзя заняла ў беларускіх губернях пануючыя пазіцыі і выцесніла астатнія мовы на паўлегальнае становішча. Больш за тое, у тагачасным беларускім грамадстве склалася грамадская думка, накіраваная супраць роднай мовы. Якуб Колас успамінаў:
"Беларускае слова асуджалася, высмейвалася, выганялася. Са свядомасці народа вытраўлялася сама назва яго краіны. А на таго, хто выступаў са сваім родным словам, глядзелі, як на дзівака, над якім можна было толькі пасмяяцца".
Саступкі ўрада ў сферы ўжывання "мясцовых моў" былі "выбіты" толькі ў час уздыму рэвалюцыйнай хвалі ўвосень 1905 года. Так, з 24 лістапада 1905-га ўступіў у дзеянне закон аб друку, які дазваляў выдаваць творы беларускай літаратуры і пераклады на беларускую мову з іншых моў. Але па-ранейшаму было забаронена карыстацца беларускай мовай у грамадскай і палітычнай сферах, а таксама ў навучальных установах (за выключэннем Закона Божага).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.