"Дата генератар": 8 снежня 1991 года — Белавежскае пагадненне

"Дата генератар": 8 снежня 1991 года — Белавежскае пагадненне

8 снежня 1991 года ва ўрадавай рэзідэнцыі Віскулі (у Белавежскай пушчы) было падпісана пагадненне аб спыненні існавання Савецкага Саюза і стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД).

Яго падпісалі найвышэйшыя службовыя асобы і кіраўнікі ўрадаў трох саюзных рэспублік: Барыс Ельцін і Генадзь Бурбуліс ад РСФСР, Леанід Краўчук і Вітольд Фокін ад УССР, Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч ад БССР.

Як вядома, пасля няўдалай спробы скінуць Міхаіла Гарбачова з пасады прэзідэнта СССР рыхтавалася дамова аб новым Саюзе ССР. Кіраўнікі большасці рэспублік заяўлялі пра намер далучыцца да Саюза Суверэнных Дзяржаў (заўважце: суверэнных, пра незалежнасць гаворка не ішла). Падпісанне было прызначана на снежань 1991 года. Але 1 снежня ва Украіне прайшоў рэферэндум, падчас якога 90% грамадзян выказаліся за незалежнасць Украіны.

Тады ўсе палітыкі зразумелі: Саюзу ССР прыйшоў канец! І вось у пушчы сабраліся кіраўнікі трох “галоўных рэспублік”, каб вырашыць: што рабіць у новых умовах? Cтаніслаў Шушкевіч пазней успамінаў:

“Калі мы сабраліся ўсе разам… нам хапіла смеласці паставіць вельмі рэзка пытанне: “Кім мы з’яўляемся”? І тут вялікую ролю адыграў Генадзь Бурбуліс, ён паставіў пытанне: “Ці згодныя вы падпісаць такі сказ, што СССР як геапалітычная рэальнасць і суб’ект міжнароднага права перастае існаваць у сучасным выглядзе?”. І я першы сказаў, што падпішу гэта з вялікім задавальненнем”.

Прэамбула дакумента канстатавала: “Саюз ССР як суб'ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне”.

Артыкул 1-ы абвяшчаў: «Высокія Дамоўныя Бакі ўтвараюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў». Артыкул 14-ы вызначыў Мінск “месцам знаходжання каардынацыйных органаў садружнасці”.

З нагоды падпісання Белавежскага пагаднення паэт Рыгор Барадулін напісаў:

Змікіціўшы на трох пад вецер свежы,

Рашылі тры дзяржаўныя зубры

Пасунуць Спаскую

Да Белай вежы,

Дзе вольна палявалі ўсе цары.

Большасць жыхароў Расіі і Беларусі вырашылі тады (і памыліліся), што СНД — гэты новы варыянт Саюза ССР, у якім рэспублікі будуць мець значна больш правоў і менш залежаць ад Масквы.

Але на самай справе СССР знік назаўсёды. І ўсе мы раптам апынуліся ў новай геапалітычнай і эканамічнай рэальнасці. А далейшыя падзеі ва ўсіх старых і новых рэспубліках пайшлі рознымі шляхамі. Найбольш энергічна і паслядоўна дзейнічалі ў кірунку поўнага злому савецкай сістэмы тры краіны Балтыі.

Я калісьці казаў і пісаў, што незалежнасць звалілася на нашы галовы зусім нечакана, як мех бульбы на чалавека ў склепе. Такая пазіцыя выклікала вялікую незадаволенасць некаторых людзей, якія лічаць, што гэта яны сваімі дэманстрацыямі пад бел-чырвона-белымі сцягамі “адваявалі” незалежнасць.

Але я добра памятаю тыя падзеі – парад суверэнітэтаў рэспублік, які арганізавалі ды ўзначалілі мясцовыя партыйна-гаспадарчыя эліты. Яны моцна жадалі перадзелу маёмасці і хутка дамагліся пастаўленых мэт.

Дзе золата партыі? Яго не знайшлі. Каму дасталіся прадпрыемствы? Зусім не працоўным. Народ, як заўсёды, не атрымаў нічога, акрамя прыватызацыі тых самых кватэр, у якіх жыў.  

А вось СССР знік назаўсёды, і на свет Божы з’явілася 15 новых дзяржаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі