Дажджлівае надвор'е захаваецца ў Беларусі да канца тыдня
Дажджлівае надвор'е захаваецца ў Беларусі да канца тыдня. Найбольш складаныя ўмовы надвор'я прагназуюцца ў бліжэйшыя дні, калі да дажджу і мокрага снегу яшчэ дадаецца моцны вецер.
Як паведаміў БЕЛТА начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў, надвор'е будзе няўстойлівае. У аўторак, 25 кастрычніка, чакаецца паўднёва-ўсходні вецер з парывамі да 15-18 метраў, Раніцай і ўдзень на паўночным захадзе пройдуць дажджы, а месцамі і мокры снег. У начныя гадзіны тэмпература паветра складзе ад -1 да +4 градусаў (на Брэстчыне — 5-8 цяпла, у Мінску — ад 0 да плюс 2), у дзённыя гадзіны — 1-7 градусаў са знакам плюс (у Брэсцкай вобласці — 8-13 градусаў вышэй за нуль, у сталіцы — 3-5 цяпла).
У сераду, 26 кастрычніка, дажджы магчымыя амаль па ўсёй краіне (на ўсходзе — з мокрым снегам). Вецер прагназуецца з парывамі да 15-20 метраў за секунду. На працягу сутак тэмпература паветра складзе ад 1 градуса марозу да 6 цяпла (у Брэсцкай вобласці — 7-9 градусаў са знакам плюс).
У чацвер надвор'е ў Беларусі крыху палепшыцца. Дажджы і мокры снег прагназуюцца толькі ў асобных раёнах. Уначы будзе ад мінус 4 да плюс 2, удзень — 0-7 цяпла. Падобныя ўмовы надвор'я захаваюцца да канца тыдня. У выхадныя амаль па ўсёй краіне прагназуюцца дажджы.