Deep Purple прыедуць у Беларусь, каб развітацца
Deep Purple зацвердзілі адзін канцэрт у Беларусі ў межах The Long Goodbye Tour, прысвечанага 50-годдзю гурта. 4 чэрвеня легендарныя рок-музыкі выступяць у "Чыжоўка-Арэне". Квіткі будуць каштаваць ад 55 да 130 рублёў.
На сцэну выйдуць музыкі з класічнага складу Deep Purple: Іэн Гілан (вакал), Роджэр Гловер (бас-гітара), Іэн Пэйс (бубны) — а таксама гітарыст Сціў Морс, які супрацоўнічае з DP з сярэдзіны 1990-х, і клавішнік Дон Эйры, які ў сярэдзіне 2000-х змяніў у гурце Джона Лорда. Яны прывязуць у Мінск лепшыя песні і новы альбом "Infinite" (2017).
Турнэ The Long Goodbye пачалося ў траўні 2017 года. Музыкі кажуць, што на гэтым гісторыя гурта можа не скончыцца, бо магчымыя новыя запісы. Але прызнаюцца, што ўзрост бярэ сваё. "Гэта апошні вялікі сусветны тур", — сказаў Іэн Пэйс у інтэрв’ю парталу Rock Antenne.
Нягледзячы на ўзрост, Deep Purple застаюцца адным з найбольш папулярных канцэртных калектываў свету. За час туру ў падтрымку папярэдняга альбома "Now What?!" (2013) на канцэрты гурта было прададзена больш за 1 мільён квіткоў.
Deep Purple — адзін з найбольш уплывовых калектываў у гісторыі рок-музыкі. Яны праславіліся на ўвесь свет амаль паўстагоддзі таму з класічнымі альбомамі "In Rock" (1970), "Machine Head" (1972) і "Made In Japan" (1973), які ўключаў знакамітую "Smoke On The Water".