Дэпутат расказала, якія змены прапанаваныя парламентам у Дэкрэт №3

Дэпутат расказала, якія змены прапанаваныя парламентам у Дэкрэт №3

Кіраўнік краіны даручыу дапрацаваць змены ў Дэкрэт №3 да 1 красавіка. Займаліся гэтым адказныя ведамствы і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Намеснік старшыні Камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Людміла Канановіч расказала Еўрарадыё, як дэпутаты працавалі над зменамі ў дэкрэт і якія прапановы накіравалі ў адміністрацыю кіраўніка краіны.

"Згодна з рэгламентам, дакумент аб унясенні змен у дэкрэт кіраўніка краіны паступіў дэпутатам 19 студзеня. І з гэтага часу дэпутаты уключыліся ў актыўную працу. Кожны дэпутат, зыходзячы з правапрымяняльнай практыкі, мае магчымасць унесці свае заўвагі і прапановы. Камісія па працы і сацыяльнай абароне, куды я ўваходжу, ініцыявала правядзенне круглага стала. Нам трэба было сабрацца, сустрэцца з кампетэнтнымі органамі, міністэрствамі, ведамствамі, распрацоўшчыкамі. У лютым адбылося такое паседжанне. У ім узялі удзел прадстаўнікі Міністэрства па працы і сацыяльнай абароне, Міністэрства аховы здароў'я, Міністэрства адукацыі, Міністэрства па падатках і зборах, Дзяржаўны камітэт па маёмасці. У прынцыпе, ўсе, хто меў нейкае дачыненне да распрацоўкі дакумента. Адбылася шчырая размова, задаваліся пытанні, гучалі адказы. І мне так падалося, што дэпутаты атрымалі вычарпальную інфармацыю, з якой паехалі працаваць у акругі. Там мы працавалі два тыдні. Кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў нам была пастаўленая задача правесці тлумачальную працу, мы праводзілі прамыя ліні, удзельнічалі ў працы камісій па вывучэнні жыццёвых абставінаў", ― расказвае Людміла Канановіч.

Дэпутат расказала, якія змены прапанаваныя парламентам у Дэкрэт №3

"Адбылася шчырая размова, задаваліся пытанні, гучалі адказы. І мне так падалося, што дэпутаты атрымалі вычарпальную інфармацыю, з якой паехалі працаваць у акругі. Там мы працавалі два тыдні. Кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў нам была пастаўленая задача правесці тлумачальную працу, мы праводзілі прамыя ліні, удзельнічалі ў працы камісій па вывучэнні жыццёвых абставінаў".

Людміла Канановіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў

Прапановы аб зменах у Дэкрэт №3, якія распрацавалі дэпутаты:

1. "Унесеная прапанова, каб вядзенне асабістай гаспадаркі ўлічвалася незалежна ад места жыхарства. І незалежна ад мэтавага прызначэння". Іншымі словамі, калі раней ад выплаты збору вызвалялі толькі тых уладальнікаў прысядзібных участкаў, якія жылі ў сельскай мясцовасці, то цяпер дэпутаты прапануюць вызваляць і тых, хто жыве ў гарадах і вядзе гаспадарку на сваіх дачных участках альбо мае дом у вёсцы.

2. "Магчымасць адтэрміноўкі і растэрміноўкі плацяжоў. Гэтая прапанова пайшла ад выбаршчыкаў. Нашы выбаршчыкі паведамлялі, што, у прынцыпе, яны гатовыя плаціць збор, але калі б была растэрміноўка на 2-3 месяцы, альбо адтэрміноўка". Дагэтуль збор па Дэкрэце №3 неабходна выплачваць цалкам і за адзін раз.

3. "Яшчэ адна прапанаваная дэпутатамі змена ― пашырэнне катэгорый вызваленых ад выплаты збору грамадзян. У першую чаргу, гэта грамадзяне, якія прызываюцца на тэрміновую вайсковую службу. Альбо на альтэрнатыўную. Іх прапануецца вызваліць ад выплаты ў год прызыву і ў год заканчэння прызыву. З улікам таго, што гэты час і патрэбны для працаўладкавання. Таксама мы прапанавалі вызваліць ад выплаты збору жанчын па прычыне цяжарнасці і родаў. Калі ўзнікае такая сітуацыя і ёсць пацверджанне, што яны знаходзяцца на ўліку, то іх таксама варта вызваляць. Таксама студэнты за паўгода да моманту пачатку вучобы і на паўгода пасля яе завяршэння. І яшчэ была распрацаваная прапанова, вызваліць ад выплаты збору людзей, якія стаяць на ўліку ў псіха-неўралагічным дыспансэры", ― расказала дэпутат Канановіч.

 

Еўрарадыё: Колькі дэпутатаў удзельнічала ў абмеркаванні зменаў у Дэкрэт №3?

Людміла Канановіч: Зала падчас круглага стала была поўная. У нашу камісію паступалі прапановы ад дэпутатаў. Мы абмяркоўвалі, размаўлялі. Усё было на канструктыўным узроўні. Таму што мы самі зацікаўленыя ў тым, каб практыка прымянення нормаў Дэкрэта №3 была якаснай.

Еўрарадыё: У 2015 годзе на абмеркаванні Дэкрэта №3 толькі адзін дэпутат прагаласаваў супраць. А цяпер яго тэкст прыходзіцца ўжо фактычна другі раз змяняць. Чаму так адбываецца? Ён ад пачатку быў недапрацаваны, альбо ёсць іншыя прычыны?

Людміла Канановіч: Я дэпутат шостага склікання. Таму ацэньваць тое, што было ў 2015 годзе, не вазьмуся. Але думаю, што нейкіх кардынальных зменаў не ўносіцца. Дакумент проста дапрацоўваецца на аснове нейкіх станоўчых і адмоўных заўвагаў, якія атрыманыя падчас яго прымянення. Як гаворыцца, не паспрабаваўшы, не даведаешся. Жыццё дыктуе неабходнасць унясення нейкіх зменаў у Дэкрэт №3. Не карэнныя. Але проста дапрацаваць яго.

Еўрарадыё: Вы адчуваеце, што у людзей да гэтага дэкрэта ёсць нейкая асаблівая ўвага? Ён па-ранейшаму ўзрушвае людзей, альбо гэта перабольшванне?

Людміла Канановіч: Думаю, што на дадзены момант увага да гэтага дакумента спала. Таму што праведзеная вялікая тлумачальная праца. Я не думаю, што Дэкрэт №3 моцна ўзрушыў людзей. Думаю, што не. Людзі прыходзяць, людзі канструктыўна размаўляюць. Устаноўлены дыялог паміж уладай і насельніцтвам. Калі ёсць прапанова, то мы яе чуем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі