Доўгая: У графіку прэм’ер-міністра паездкі ў Рыгу пакуль няма
На пятніцу ў яго запланаваны удзел у з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў
Казаць ужо сёння, што менавіта Андрэй Кабякоў узначаліць беларускую дэлегацыю на саміце Усходняга партнёрства ў Рызе, нельга. Пра гэта Еўрарадыё заявіла прэс-сакратар прэм’ер-міністра Вольга Доўгая.
Доўгая: “На дадзены момант у графіку прэм’ер-міністра гэтага мерапрыемства няма. Такім чынам, удзел яго ў саміце на дадзены момант пакуль не пацвярджаецца”.
Што да працоўнага графіка беларускага прэм’ера, то, па словах Вольгі Доўгай, заўтра ён будзе праводзіць нараду ў адной з абласцей. А ў пятніцу, 22 траўня, Кабякоў мусіць браць удзел у працы з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Нагадаем, саміт Усходняга партнёрства пройдзе ў Рызе 21-22 траўня. Еўракамісар Ёханэс Хан паведаміў журналістам, што Беларусь на саміце будзе прадстаўляць не Аляксандр Лукашэнка, а прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Але ў каментары Еўрарадыё в.а. кіраўніка прэс-службы МЗС Латвіі Іварс Ласіс не пацвердзіў гэтую інфармацыю. Па яго словах, афіцыйнага паведамлення з беларускага боку яшчэ не было.