Дроны даляцелі да Падмаскоўя: гарэў шматпавярховік
Шматпавярхоўка ў Раменскім пасля траплення дрона
У дзевяці расійскіх рэгіёнах мінулай ноччу адбівалі атаку дронаў, паведамляе расійскае Мінабароны. Там кажуць, што знішчылі 144 украінскія беспілотнікі. 20 з іх даляцелі да Падмаскоўя. Тут пашкоджаныя жылыя дамы. Адзін з беспілотнікаў зваліўся ў аэрапорце Жукоўскі, абломкі іншага — на Кашырскай шашы ў Дамадзедава. Трасу перакрылі.
"Падчас начной атакі БПЛА пацярпелі шматкватэрныя дамы ў Раменскім. На Спартыўным праездзе гараць кватэры ў раёне 11-12 паверхаў. Усе экстранныя службы аператыўна прыбылі на месца", — пісаў ноччу губернатар Падмаскоўя Андрэй Вараб'ёў. Яшчэ адзін дрон "трапіў у дом па Высакавольтнай вуліцы — пашкоджаная кватэра на 9-м паверсе". Беспілотнікі таксама збівалі ў Падольску, Люберцах і Каломне. У выніку траплення дрона ў жылы дом у Раменскім загінула жанчына, трое чалавек траўмаваныя. 43 чалавекі, чые кватэры пацярпелі, засялілі ў пункты часовага пражывання.
Аб выбухах падчас начной атакі дронаў паведамлялі таксама ў Белгародскай, Курскай, Арлоўскай, Варонежскай, Тульскай, Калужскай, Ліпецкай абласцях і Краснадарскім краі Расіі, а таксама ў акупаваным Крыме. У Тульскай вобласці абломкі беспілотніка ўпалі на тэрыторыю аб'екта паліўна-энергетычнага комплексу. Улады рэгіёну сцвярджаюць, што тэхналагічны працэс парушаны не быў.
Расія гэтай ноччу таксама ў чарговы раз атакавала Украіну. Трывога з-за дронаў, у прыватнасці, гучала ў Кіеве. "Вораг не памяншае інтэнсіўнасць паветраных нападаў па Кіеве з пачатку верасня. Уначы расійскія дроны зноў уяўлялі пагрозу для сталіцы", — заявіў кіраўнік Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко. З ягоных слоў, расійскія дроны ляцелі да Кіева з розных кірункаў і рознымі групамі. Паводле папярэдніх звестак, у выніку атакі ў Кіеве гэтым разам пацярпелых і разбурэнняў няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.