“Дык набудзьце загадзя!” У Лоеўскім раёне сёлета пройдуць 8 “Дзён цвярозасці”

“Дык набудзьце загадзя!” У Лоеўскім раёне сёлета пройдуць 8 “Дзён цвярозасці”

У Лоеўскім раёне сёлета пройдуць аж восем “Дзён цвярозасці”. Набыць алкаголь у такія дні можна будзе толькі ў кавярнях і толькі на разліў, а ў крамах палічкі з півам, гарэлкай і “пладова-выгадным” віном будуць завешаныя — ад спакусы падалей.

Але, быццам бы спужаўшыся маштабаў змагання з п’янствам, лоеўскія чыноўнікі пакінулі мясцовым жыхарам шчыліну. Яны пастанавілі, што набыць алкаголь у “Дні цвярозасці” ўсё ж будзе можна — “для правядзення рытуальных абрадаў, вясельных і юбілейных урачыстасцяў”.

“Дык набудзьце загадзя!” У Лоеўскім раёне сёлета пройдуць 8 “Дзён цвярозасці”

Каб атрымаць у “Дзень цвярозасці” часова забароненую пляшку, трэба прад’явіць у краме пасведчанне аб смерці ці шлюбе. І ўсё — цвярозасць адмяняецца! Тым, у каго на “дзень без гарэлкі” выпадае юбілей, дык і ўвогуле пашанцавала: на магчымасці набываць алкаголь у той час, калі ўсім астатнім гэта забаронена, можна будзе яшчэ і падзарабіць!

У Лоеўскім райвыканкаме нашым пытанням шчыра здзіўляюцца:

— Калі ў людзей на гэты дзень запланаванае вяселле, продаж алкаголю будзе ажыццяўляцца, — адказваюць там. Але пасля асцярожна дадаюць. — У аб’екце грамадскага харчавання, на разліў.

— Але калі, напрыклад, нехта хоча адсвяткаваць вяселле дома? — перапытваем мы.

— Дык набудзьце загадзя! — падказваюць выйсце ў райвыканкаме.

У лоеўскіх крамах разумення, каму і як можна будзе прадаваць алкаголь у “Дзень цвярозасці”, няма.

“У нас такое першы год, — распавядаюць Еўрарадыё ў адной з крамаў. — Раней толькі пэўныя дні былі пад забаронай, накшталт выпускных. Так што, як усё будзе рэалізавана на практыцы, мы не ведаем. Нас збіралі, распавялі пра восем дзён. Але саму паперу па абмежаваннях яшчэ не прыносілі”.

“Дык набудзьце загадзя!” У Лоеўскім раёне сёлета пройдуць 8 “Дзён цвярозасці”
brestCITY.com

“Дні цвярозасці” ў розных раёнах і гарадах Беларусі пачалі праводзіцца каля дзесяці гадоў таму, пасля прыняцця закона “Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі, нехарчовай прадукцыі, якая ўтрымлівае спірт, і нехарчовага этылавага спірту”. У ім ёсць пункт, які дазваляе забараніць продаж алкаголю “ў сувязі з правядзеннем мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду (папулярызацыю) здаровага ладу жыцця, прафілактыку п'янства і алкагалізму, барацьбу з імі”.

У Петрыкаве ў 2019 годзе “цвярозай” будзе кожная апошняя пятніца месяца, то бок, за год пройдзе аж дванеццаць “Дзён цвярозасці” — нават больш, чым у Лоеве. А самая кур’ёзная акцыя за гэты час прайшла ў 2016-м годзе ў Баранавічах — там 7 красавіка абвясцілі “Паўдня цвярозасці”, з 0 да 14 гадзін. “Трэба выконваць паказчыкі ў гандлі", — патлумачылі тады Еўрарадыё ў райвыканкаме.

 

“Дні цвярозасці” ў Лоеўскім раёне ў 2019-м годзе:

1.    “Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй” — 1 сакавіка;
2.    “Сусветны дзень здароўя” — 7 красавіка;
3.    “Міжнародны дзень сям’і” — 15 траўня;
4.    “Дзень моладзі” — 30 чэрвеня;
5.    “Дзень прафілактыкі алкагалізму” — 7 ліпеня;
6.    “Сусветны дзень прадухілення самагубстваў” — 10 верасня;
7.    “Дзень маці” — 14 кастрычніка;
8.     “Сусветны дзень барацьбы са СНІДам” — 1 снежня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі