Дырэктар НАДА: У нас на допінгу трапляюцца нават 14-гадовыя

Пасля лонданскай Алімпіяды ў допінг-скандалах запэцкаўся цэлы ўзвод топавых беларускіх спартсменаў. Хоць некалі кожны з іх лічыўся зоркай нашага спорту і трапляў у ганаровую дзясятку атлетаў года.

Тым часам Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва стала важнай структурай у сістэме Мінспорту.

Праўда, месціцца НАДА у змрочным будынку хрушчоўскіх часоў, дзе персанал займае ўсяго некалькі кабінетаў. Будынак допінг-камісары дзеляць са студэнцкім інтэрнатам і Універсітэтам фізкультуры і спорту.

 

Наша антыдопінгавая лабараторыя, якая правярае пробы, узятыя допінг-камісарамі НАДА, мае намер атрымаць міжнародную акрэдытацыю.

“На сёння толькі 32 лабараторыі маюць акрэдытацыю Сусветнага антыдопінгавага  агенцтва (WADA). Зараз чакаем дазволу ўвайсці ў перадакрэдытацыйную стадыю, якая доўжыцца два гады. За гэты час WADA правярае кваліфікацыю супрацоўнікаў, глядзіць абсталяванне, ― тлумачыць нюансы Аляксандр Ванхадла, дырэктар НАДА. ― Калі беларуская лабараторыя атрымае акрэдытацыю, вынікі аналізаў любых спартсменаў, зробленыя тут, будуць мець юрыдычную моц ва ўсім свеце”.

Еўрарадыё: То бок праверыць допінг-пробу ў Дар’і Домрачавай наша лабараторыя пакуль не можа?

Аляксандр Ванхадла: Пробы могуць узяць нашы допінг-афіцэры. І ў Домрачавай, і ў Армстранга, і ў іншых. Потым такая проба адпраўляецца ў акрэдытаваную лабараторыю. Звычайна ў Маскву, часам у Кёльн. Важна разумець, што антыдопінгавыя агенцтвы і лабараторыі працуюць незалежна, каб не было ціску. 

Еўрарадыё: Колькі допінг-проб здольна праверыць беларуская лабараторыя?

Аляксандр Ванхадла: З 1 студзеня гэтага года да 20 сакавіка было ўзята 646 проб. З іх 483 ― у спартсменаў узростам да 23 гадоў. Плануецца, што за год возьмем 2200 проб. А для акрэдытацыі лабараторыі павінна быць не менш за 3000. Пакуль гэта ажыццявіць няпроста. У НАДА працуе ўсяго пяць допінг-афіцэраў. 

Еўрарадыё: А колькі спартсменаў злавілі  на забароненых рэчывах?

Аляксандр Ванхадла: 11 парушэнняў. Восем чалавек дыскваліфікаваны. Трое спартсменаў  па-за перыядам спаборніцтваў прымалі наркатычныя сродкі. Чатыры выпадкі парушэнняў зараз ў працэсе следства.

  

Еўрарадыё: Ці часта спартсмены хаваюцца, уцякаюць ад допінг-афіцэраў?

Аляксандр Ванхадла: У гэтым годзе былі два такія выпадкі. У мінулым ― шэсць. Але хачу адразу патлумачыць, што гэта бессэнсоўны занятак. Таму што ўхіленне ад допінг-пробы, калі факт пацвердзіць наша дысцыплінарная камісія, гэта аўтаматычныя два гады дыскваліфікацыі.

Еўрарадыё: Амаль усіх беларускіх зорак з кідальных дысцыплін ― Ятчанку, Астапчук, Ціхана, Дзевятоўскага, Міхневіча ― абвінавачваюць у прыёме забароненых рэчываў. Пробы праверылі праз гады, калі навука пайшла наперад, і знайшлі парэшткі стэройдаў. Помню, як тэлефанаваў у WADA і меў гутарку з высокім чыноўнікам, які размыта сказаў: “Вашы спартсмены моцныя, таму мы іх правяраем”. У чым справа? Можа, усе прымаюць допінг, а правяраюць толькі нашых?

Аляксандр Ванхадла: Мы дасылалі запыт і прасілі патлумачыць, чаму допінг-пробы бралі менавіта ў нашых спартсменаў. Двойчы мы не атрымалі ніякага адказу. Але згодна са стандартамі ёсць важныя крытэрыі падставаў для тэставання проб. Гэта падазрэнні ў прыёме допінгу і інфармацыя ад трэціх асоб. І што тычыцца нашых спартсменаў,  я лічу, IAAF (Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый) мае нейкую інфармацыю. Мне задаюць шмат пытанняў: можа быць, гэта помста за той суд, у якім перамаглі Ціхан і Дзевятоўскі? Але я не думаю, што міжнародныя арганізацыі  займаюцца помслівасцю. Мяркую, калі б у іх была інфармацыя пра спартсменаў з іншых краін, і тых бы правяралі. Але яшчэ раз падкрэслю: мы не маем інфармацыі, каго яны правяралі яшчэ. Можа быць, спартсменаў са 100 краін, і нашы патрапіліся. А, можа быць, толькі нашых. Гэта інфармацыя закрытая.

Еўрарадыё: Па сітуацыі з Надзеяй Астапчук, у якой забралі алімпійскае золата Лондана, няма інфармацыі цягам сямі месяцаў. Чаму рашэнне наконт дыскваліфікацыі прымаецца так доўга? Рэгулярна звязваемся з IAAF, там маўчаць. Наша лёгкаатлетычная федэрацыя робіць тое ж самае.

Аляксандр Ванхадла: Следства дагэтуль працягваецца, дагэтуль яны задаюць пытанні і трэнерам, і ў Федэрацыю, і нам. Тут выпадак неардынарны. Яны маюць права праводзіць следства столькі, колькі ім патрэбна. І пакуль не прынята рашэнне, ніякая інфармацыя, згодна з правіламі, не павінна распаўсюджвацца.

  

Еўрарадыё: Да якіх відаў спорту нашы допінг-афіцэры выяўляюць найбольшую цікавасць?

Аляксандр Ванхадла: З 2010-га года парушэнні выяўлены ў 23-х відах. Былі ўхіленні, напрыклад, у вольнай барацьбе, канькабежным спорце. Канешне, больш парушэнняў фіксуецца ў лёгкай і цяжкай атлетыках. Але гэта не факт, што допінг ужываецца толькі там і толькі там усе праблемы.

Еўрарадыё: Апошні гучны скандал успыхнуў з хакеістам Міхалёвым. Яго, як паведамлялася, праверылі падчас алімпійскай кваліфікацыі ў Военсе. Ці высвятляе НАДА “чысціню” хакеістаў і футбалістаў?

Аляксандр Ванхадла: Правяраем вельмі часта нацыянальную каманду і іншыя хакейныя зборныя. Звычайна гэта адбываецца перад выездам на чэмпіянаты. Але хакейныя клубы мы не правяраем, тут ёсць тэхнічныя праблемы, звязаныя з бюджэтам, эканоміяй. Што тычыцца футбола, на вялікі жаль, пакуль мы ім не займаемся. Тут дзве прычыны. Па-першае, ФІФА доўгі час на сусветным узроўні выступала супраць допінг-кантролю ― і мы не беглі наперадзе паравоза. Таксама вы ўяўляеце колькасць федэрацый алімпійскіх і неалімпійскіх. Штат наш невялікі, мы проста фізічна не можам сёння заняцца яшчэ і футболам.

Еўрарадыё: Выказваецца меркаванне, што пэўны правал беларускага спорту звязаны з тым, што накірункі спартовай медыцыны, фармакалагічнага забеспячэння адстаюць ад замежных. Допінгавыя скандалы таксама паказваюць, што, можа быць, не да канца нашы спартсмены адукаваны і падкаваны.

Аляксандр Ванхадла: Думаю, што так, мы адстаём, гэта бязглузда адмаўляць. Я хачу сказаць вось што. Калі ў спартсмена нешта адбіраюць, яму павінны нешта даць узамен. У былыя часы ва ўсіх краінах допінг прымалі многія. І калі некаторыя рэчывы сталі забараняць, узмацнілі кантроль, то многія краіны далі ўзамен на допінг вельмі сур’ёзную сучасную легальную фармакалогію. Калі мы сёння кажам: “Ты перастань прымаць анабалічны стэройд ― мы табе дадзім узамен настойку глога”, то, зразумела, так мы спартсмена не пераканаем. На сёння ёсць складанасці ў набыцці суперсучаснай фармакалогіі. Гэта звязана з ліцэнзіямі, рэгістрацыяй і гэтак далей. А нашы фармакалагічныя напрацоўкі ў краіне недастаткова высокага ўзроўню для таго, каб спартсмен адчуў, што змест допінга яму даюць нешта дазволенае і эфектыўнае.

Еўрарадыё: Якая ваша пазіцыя наконт пакарання за абарачэнне стэройдаў, набыццё, прыманне, падсыпанне? Аляксандра Герасіменя распавядала неяк пра пачатак 2000-х, калі ёй падсыпалі буйную дозу стэройда ў ежу, і пасля гэтага яна страціла вагу на 10 кг, год лячылася. Ды яшчэ і ўляпілі дыскваліфікацыю.

Аляксандр Ванхадла: Тут пазіцыя ў мяне вельмі дакладная. Мы выступаем за тое, каб была ўведзена крымінальная адказнасць за схіленне, прымус, прызначэнне забароненых рэчываў непаўналетнім спартсменам. То бок крымінальную адказнасць мы плануем увесці датычна да персанала спартсмена. Здараецца, што 15-гадовае дзіцё (а ў нас трапляюцца і 14-гадовыя) прымала стэройд з-за трэнера ці ўрача.У дачыненні да саміх спартсменаў мы не плануем уводзіць крымінальную адказнасць. Бывае выпадковае прымяненне, несанкцыянаванае. Тут нельга ўсіх запар садзіць у турму. Што тычыцца абарачэння, плануецца, што за гэта будзе ўведзена крымінальная адказнасць.  Калі не прыбраць гандаль, то вельмі цяжка спыніць праблему. Таксама, на жаль, ва ўсім свеце і ў нас  ёсць выпадкі, калі, падсыпаючы забароненыя рэчывы, прыбіраюць канкурэнтаў. За выключэннем гісторыі з Астапчук, іншых выпадкаў у Беларусі цягам апошніх гадоў не было. Была толькі спроба (не буду называць від спорту), але падсыпання не здарылася.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі