Дзень Волі: што гэта было?
Святкаванне Дня Волі ў Мінску скончылася масавымі затрыманнямі. Людзей на вуліцах сталіцы затрымлівалі і раней, увечары 19 снежня 2010 года і падчас "маўклівых акцый" 2011 года. Але сёлета шмат што змянілася. Аналізуем самую шматлюдную акцыю апошніх гадоў з дапамогай экспертаў і звычайных беларусаў.
1. "Парад міліцыі". Навошта столькі тэхнікі і зброі? Дэзінфармацыя!
У цэнтр сталіцы прыгналі аўтазакі, вадамёты, бранявік і машыны з "наваранымі" кратамі для барацьбы на барыкадах. Сілавікі, якія побач з ЦУМам у два шэрагі перакрылі праспект Незалежнасці, былі ўзброеная шчытамі, дубінкамі і ружжамі для стральбы гумовымі кулямі. Навошта столькі тэхнікі і зброі?
"Абараняюць улады ад народа на грошы народа!" — пішуць у "Фэйсбуку". Маўляў, на падаўленне "дармаедаў", якія пратэстуюць, пайшло больш грошай, чым сабрана з тых, хто пагадзіўся заплаціць збор (а гэта 16,3 мільёна рублёў).
ДАВЕДКА: 25 сакавіка ў Мінску некалькі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы, каб адсвяткаваць Дзень Волі. Улады ад самага пачатку перашкаджалі правядзенню акцыі. У цэнтр сталіцы прыгналі аўтазакі, вадамёты, бранявік і машыны з "наваранымі" кратамі для барацьбы на барыкадах. На падыходах да Акадэміі навук выставілі кардоны, каб удзельнікі шэсця не змаглі нават сабрацца. Тых, хто ўсё ж прыйшоў на акцыю, міліцыя рассекла на некалькі частак: сілавікі, узброеная шчытамі, дубінкамі і ружжамі для стральбы гумовымі кулямі, у двух месцах перакрылі праспект Незалежнасці. Да пратэстоўцаў, якія ішлі ўздоўж праспекта, пад'язджалі аўтазакі, з іх выбягалі "касманаўты" (АМАП у чорных шлемах і амуніцыі) і хапалі людзей. Па ацэнках праваабаронцаў, за кратамі апынуліся ад 500 да 1000 чалавек. Іх даставілі ў аддзяленні міліцыі, але бліжэй да вечара шмат каго выпусцілі без складання пратаколаў. 26 сакавіка пратэсты (ужо супраць масавых затрыманняў напярэдадні) працягнуліся ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы. Там у аўтазакі трапіла яшчэ каля 40 чалавек. 27 сакавіка ў сталіцы праходзяць суды над затрыманымі.
Кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі лічыць, што ўлады 25 сакавіка рыхтавалася не менш як да паўтарэння ўкраінскага Майдана. А калі зразумелі, што нічога падобнага на вуліцах Мінска няма, адклікалі АМАП са шчытамі і адвялі тэхніку. Але было ўжо позна: кадры "міліцэйскага парада" абляцелі свет.
"Памылковая ацэнка прыроды пратэстаў звязаная з дэзінфармацыяй вышэйшага кіраўніцтва краіны часткай беларускіх спецслужбаў, якія арыентуюцца на Расію. Таму і былі агучаныя факты нібыта пра беларускіх баявікоў, падрыхтаваных на тэрыторыях Польшчы, Літвы і Украіны, падрыхтоўку заходнімі спецслужбамі каляровай рэвалюцыі ў Беларусі і гэтак далей. Але ўсё гэта грунтуецца на ацэнках расійскіх спецслужб ваенна-палітычнай сітуацыі вакол і ўнутры Беларусі", — мяркуе Арсеній Сівіцкі.
2. "Страху няма". Чаму пратэстоўцы не уцякалі ад міліцыі?
25 сакавіка пратэстоўцамі ніхто не кіраваў: усе апазіцыянеры, якія маюць хаця б якія лідарскія якасці, напярэдадні апынуліся за кратамі. Знік і Мікалай Статкевіч, які браў адказнасць за акцыю на сябе — толькі раніцай 27 сакавіка высветлілася, што ён правёў некалькі дзён у ізалятары КДБ. Тым не менш, пасля хапуна ў раёне мінскай плошчы Якуба Коласа людзі вырашылі ісці да Кастрычніцкай плошчы. А міліцыянты вырашылі працягваць затрыманні.
Выглядала гэта так: да ходнікаў пад'язджаў аўтазак, з яго выскоквалі "касманаўты" (амапаўцы ў чорных шлемах і амуніцыі) і пачыналі хапаць людзей. А людзі працягвалі ісці, быццам бы нічога не адбываецца! Што праўда, да апошняга кардона, які міліцыянты ўсталявалі на мосце праз Свіслач, побач з цыркам, дайшлі не многія. А затрымана, па ацэнках праваабаронцаў, было ад 500 да 1000 чалавек.
"Страху няма. Ёсць звычайныя людзі, пенсіянеры, моладзь, нават дзеці, — піша ў FB кіраўнік праекта "Кошт урада", аналітык Уладзімір Кавалкін. — Ёсць нешта накшталт выставы дасягненняў народнай гаспадаркі, інструментаў рэпрэсій ад МУС, такая перасоўная камера катаванняў. Але страху няма. А ёсць пачуццё ўласнай годнасці і ўласнай праўды ў кожнага".
Філосаф Андрэй Шуман мяркуе, што адсутнасць страху — гэта своеасаблівы мэсадж да беларускіх уладаў. Пытанне ў тым, як яны яго зразумеюць:
Галоўная выснова Дня Волі, якую ўжо многія агучылі. Людзі не баяцца. За некалькі дзён да акцыі многія былі затрыманыя, атрымалі адміністрацыйныя арышты. Распачатыя крымінальныя справы. Усе бачылі велізарную колькасць прыгатаваных аўтазакаў да Дня Волі. Было чакана, што затрыманню будзе падвергнуты кожны, хто апынецца ў цэнтры. Тыя, хто туды ішлі, чакалі, што ім як мінімум пагражае адміністрацыйны арышт, а можа, і сфабрыкаваная крымінальная справа. Але прыйшлі сотні і сотні. Іншыя асвятлялі падзеі ў сетках і СМІ. І вось, узброены АМАП са спецсродкамі людзей не палохаў.
Вось гэта ўсё дае ўладзе важны мэсадж. Сілавы рэсурс не выклікае страху. Патрэбны сацыяльны дыялог. Яго нашаму грамадству не хапае... Ну нельга ў час "Фэйсбука" праганяць людзей з вуліц АМАПам, а потым напісаць у СБ, што ніякіх акцый не было. І на гэтым супакоіцца.
3. "Я толькі выконваў загад". Як АМАП тлумачыць сабе затрыманні пенсіянераў?
Падчас акцыі было затрымана шмат людзей сталага веку. Ніна Багінская, якая напярэдадні была затрыманая за адзіночны пікет побач з будынкам КДБ, прыйшла на Дзень Волі з вялікім бела-чырвона-белым сцягам і не магла не прыцягнуць увагі міліцыянтаў. А кадр, на якім трое амапаўцаў цягнуць у аўтазак 80-гадовага паэта Яна Грыба, дык увогуле, стаў адным з сімвалаў сёлетняга Дня Волі. Грыба неўзабаве адпусцілі (ён распавядае, што ўцёк з аўтазака). Але засталося пытанне: навошта ўвогуле затрымаць пенсіянераў?
"Ведаеце, я не веру, што ў АМАПе беларусы. Можа, іх нанялі аднекуль? Ну не веру я ў тое, што на нашай зямлі маглі нарадзіцца і вырасці такія людзі, побач з такімі наіўнымі бабулямі і дзядулямі, якія ўсё даруюць", — піша ў FB Марына Мацулевіч.
Мінская міліцыя свае дзеянні пакуль што не каментуе. Прэс-сакратар УУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі заявіў: "Без каманды нічога каментаваць пра несанкцыянаванае мерапрыемства мы не будзем. Будзе каманда — самі вас знойдзем, усё дамо, паведамім. А так, не". Раней сілавікі каментавалі масавыя затрыманні ў духу: "Калі міліцыя дзейнічала так, як дзейнічала, дык на гэта былі падставы".
Сімвалічна, што перад Днём Волі на "самай сацыяльна актыўнай сцяне ў Мінску" з'явіўся новы стрыт-арт: цытата Марціна Лютара Кінга пра тое, што абгрунтаваць законамі можна ўсё што заўгодна, і нават злачынствы Гітлера не супярэчылі законам, якія прымаў сам Гітлер.
4. Што скажа Захад?
Лёд, які быў у адносінах паміж Беларуссю і Захадам, за апошнія паўтара года амаль растаяў. І ў ЕС, і ў ЗША паверылі ў беларускую "адлігу". Але цяпер у кабінетах па абодва бакі Атлантыкі зноў пануе насцярожанасць.
Еўрасаюз заклікаў улады Беларусі вызваліць "усіх нядаўна затрыманых мірных грамадзян". "Напярэдадні і падчас падзеяў у межах Дня Волі, нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасці да стрыманасці, рэакцыя службаў бяспекі была бязладнай і неналежнай", — адзначаецца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка кіраўніка дыпламатыі ЕС Федэрыкі Магерыні.
27 сакавіка на суд над сябрам аргкамітэта Дня Волі Дзянісам Садоўскім прыйшлі амерыканскія дыпламаты. Амбасада ЗША ў Мінску таксама выступіла з заявай: "Маштабныя затрыманні мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і шэрагу журналістаў ідуць насуперак дэмакратычным каштоўнасцям. Маюцца паведамленні пра выкарыстанне сілы супраць мірных дэманстрантаў і іншых асоб".
У паветры запахла вяртаннем толькі-толькі прыпыненых санкцый. Але, на думку палітолага Андрэя Ягорава, хапун на Дзень Волі можа і не выклікаць сур'ёзнай рэакцыі Захаду — у тым выпадку, калі ўлады не дадуць ходу крымінальным справам у дачыненні да так званых "баевікоў", затрыманых напярэдадні падзеяў 25 сакавіка:
Захад будзе цягнуць з прыняццем сур'ёзных рашэнняў да апошняга. Будуць нейкія гучныя заявы з патрабаваннямі вызваліць усіх затрыманых, не парушаць правы чалавека і гэтак далей, але, калі да судоў па крымінальнай справе аб нібыта падрыхтоўцы масавых беспарадкаў не дойдзе, то і да нейкіх санкцый ці іншых жорсткіх рашэнняў не будзе. Нават спыняць палітычны дыялог з Мінскам Захад не будзе.