Дзевяцярых работнікаў вайсковага завода будуць судзіць за карупцыю
558-ы авіярамонтны завод
Следчы камітэт накіраваў у суд крымінальную справу на восем службовых асобаў і аднаго работніка 558-га авіярамонтнага завода, размешчанага ў Баранавічах. Пра гэта ў інтэрв'ю БЕЛТА расказаў намеснік старшыні ведамства Анатоль Васільеў.
Паводле інфармацыі СК, ад жніўня 2016-га па люты 2022-га яны атрымлівалі грошы ад замежных кампаній. Агульная сума, якая фігуруе ў справе, — больш за 670 тысяч рублёў. Хабары перадаваліся прадстаўніцоў замежных камерцыйных кампаній.
"Падчас следства накладзены арышт на маёмасць абвінавачаных агульным коштам звыш 2,7 мільёна рублёў. У добраахвотным парадку абвінавачанымі выплачаны даход, атрыманы злачынным шляхам, у памеры больш за 150 тысяч рублёў", — удакладніў Васільеў.
Таксама ён паведаміў пра карупцыйную справу ў "адным з найбуйнейшых банкаў". Службовыя асобы выкарыстоўвалі грошы банка з 2018 года "для правядзення асабістых спекулятыўных аперацый". Іх незаконны даход склаў не менш за 1,5 мільёна рублёў, з якіх 600 тысяч былі перададзеныя ў якасці хабару былому старшыні праўлення банка, заявіў Васільеў. Па гэтай справе да крымінальнай адказнасці прыцягнутыя тры асобы.
Іншае расследаванне ідзе ў сельскай гаспадарцы. Там службовую асобу "аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў па вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі" падазраюць у атрыманні хабару 300 000 еўра за лабіраванне інтарэсаў камерцыйнай арганізацыі пры закупцы абсталявання.
"Падчас ператрусу ў фігуранта канфіскавана 230 тысяч долараў і больш за 72 тысячы еўра", — кажа прадстаўнік СК.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.