Дзясяткі рабочых-расіян выходзілі на галоўную плошчу Астраўца
Дзясяткі рабочых-расіян у чацвер выходзілі на галоўную плошчу Астраўца. Як інфармуе Радыё Свабода, мантажнікі працавалі на будоўлі Беларускай АЭС і сцвярджаюць, што з імі не разлічыліся за два месяцы. Расіяне кажуць, што ў такой сітуацыі апынулася каля 90 чалавек. Усе яны наймаліся на працу праз расійскую кампанію ў Санкт-Пецярбургу, прыехалі на вахту ў Беларусь, адпрацавалі два месяцы. Ім аплачвалі арэнднае жыллё, выдавалі сутачныя, але зарплаты не далі. Рабочым раяць вяртацца на радзіму і абяцаюць пазней разлічыцца (у сярэднім каля тысячы долараў). "Але мы разумеем, што калі паедзем дадому, то грошай дакладна не пабачым, — кажа адзін з іх. — ...У нас адзіны шанец атрымаць грошы — застацца ў Беларусі, пакуль не заплацяць". А ў некаторых з рабочых няма грошай на квіток.
Высвятляецца, што расіяне не заключалі афіцыйных дамоваў з кампаніяй-наймальнікаў. Нібыта ім абяцалі больш заплаціць, чым у выпадку з афіцыйным афармленнем на працу.
Цікава, што расіяне пагражаюць "расказаць усю праўду" пра тое, з якімі парушэннямі будуецца Астравецкая АЭС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.