"Дзяўчаткі, пара раскрываць наш камедыйны патэнцыял!"
На варкшоп у Мінск прыехала камікеса з Санкт-Пецярбурга / фота Ганны Клімовіч
Беларускія камікесы ўсур'ёз нацэліліся на ўласны праект. Ужо прайшло два падрыхтоўчыя мерапрыемствы. Спачатку дзяўчаты сабраліся, каб разам паглядзець самыя крутыя фемстэндапы. А потым у Мінску адбыўся варкшоп па фемжартах.
Досведам з нашымі дзяўчатамі дзялілася запрошаная стэндапеса (што? так!) з Санкт-Пецярбурга Туяна Хоравіц. Карэспандэнт Еўрарадыё паглядзела, як гэта было.
Чым адрозніваецца фемстэндап ад звычайнага стэндапу?
Корань “фем-” — гэта пра тое, што ў стэндапе ўдзельнічаюць толькі дзяўчаты. Гледачы могуць быць любога полу. Але на сцэне — толькі стэндапесы.
Арганізатаркі падобных праектаў лічаць, што мэйнстрымавы стэндап прасякнуты "хэйтспічам". На фемстэндапе ж вы не пачуеце ніякіх сексісцкіх і дыскрымінацыйных жартаў. Ці застанецца прадстаўленне без іх смешным? Арганізатаркі femstandup у Мінску Марыя Колб і Ганна Філістовіч упэўненыя, што ўсё будзе добра:
"У нас у горадзе мала пляцовак стэндапу, камфортных для камікес. Асабліва калі ты не хочаш расказваць сексісцкія жарты пра дурных дзяўчатак... А патрэба ў тым, каб жартаваць на нармальныя чалавечыя тэмы і не сутыкацца з прыніжальным стаўленнем, у нашых дзяўчат ёсць. Так і ўзнікла ідэя арганізаваць серыю мерапрыемстваў".
Ці можна ў фемстэндапе гуляць на стэрэатыпах?
Вучыцца жартаваць на варкшоп у культцэнтр "Корпус" прыйшлі каля 40 дзяўчат. Усе — маладыя, ад 20 да 30 гадоў. "Мы не чакалі такой актыўнасці. Выдатна, што людзі хочуць спрабаваць нешта іншае і іх не палохае прыстаўка "фем-", — працягвае Марыя Колб.
Сагравальныя напоі, прысмакі, крэслы, расстаўленыя кругам, — арганізатаркі стварылі максімальна камфортную атмасферу для жывой гутаркі пра фемжарты:
"Мы хочам, каб усе адчувалі сябе тут свабодна. Калі ў вас будуць пытанні падчас выступу Туяны — проста падымайце руку".
І калі вы думаеце, што раз 40 дзяўчат сабраліся ў адным памяшканні, то адразу ж пачаўся бардак, то вы не маеце рацыі! Удзельніцы варкшопа сапраўды дысцыплінавана падымалі рукі, каб задаць пытанні. Іх, дарэчы, было нямала — госцю з Расіі распытвалі цэлыя тры гадзіны. На кім можна праверыць жарт? Як не панікнуць, калі падчас стэндапу ў зале запанавала цішыня? Ці можна ў фемстэндапе жартаваць на "жаночыя" тэмы і гуляць на стэрэатыпах?
"Часта мужчынская публіка настроена да нас скептычна. Вось у Піцеры, напрыклад, выступленні камікес нават чамусьці не ставяць запар падчас стэндапаў. Звычайна чакаецца, што дзяўчаты будуць жартаваць на "жаночыя" тэмы, пра адносіны. Але не трэба падстройвацца пад іх чаканні, мы можам жартаваць пра што заўгодна", — дзеліцца вопытам Туяна.
Калі жарт не зайшоў, трэба мець запасны
Варкшоп больш нагадаў сустрэчу па інтарэсах, чым лекцыю: дзяўчаты пілі чай, размаўлялі, шмат смяяліся. Некаторыя не пасаромеліся падзяліцца сваімі нарыхтоўкамі для выступу. Але пакуль без мікрафонаў, сцэны і сарамлівасці — сам стэндап пройдзе 23 студзеня.
Калі раптам у вас таксама ў планах заняцца фемстэндапам, то вось парады, якімі запомніўся майстар-клас з Туянай:
— жарты лепш распісваць адразу, калі яны прыходзяць у галаву;
— ні ў якім разе іх нельга правяраць на блізкіх сябрах ці сваяках (яны ж вас любяць і ў любым выпадку падтрымаюць);
— на выпадак, калі жарт у зале не зайшоў, трэба мець запасны — дакладна смешны і правераны;
— мат у стэндапе — гэта нармальна, але перабіраць меру не трэба;
— жарты пра свае недахопы — гэта амаль заўсёды бяспройгрышны варыянт, але займацца гэтым не варта (трэба ж любіць сябе!);
— зала больш любіць тых, хто расказвае жарты жыва, а не безэмацыянальна (дарэчы, гэта папулярны стыль расказу жартаў, называецца "дэдпан").
"Пачынаць заўсёды лепш з фемстэндапу, таму што тут вельмі дружалюбная і камфортная атмасфера, дзе любыя твае спробы падтрымаюць. Гэта добрая магчымасць упершыню выйсці на сцэну", — рэзюмуе выступ расійская камікеса.
23 студзеня ў Lo-Fi Social Club пройдзе першы жаночы стэндап у Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.