Эдуарда Лобава будуць спавядаць у прысутнасці турэмшчыкаў
На сустрэчу з палітвязнем у Івацэвіцкую калонію едзе ксёндз Дзмітрый, які служыць на Случчыне.
Пра гэта Радыё Свабода паведаміла маці палітзняволенага, Марына Лобава. Айцец Дзмітрый мяркуе наведаць калонію ў панядзелак, 14 кастрычніка.
“Сустрэчы з ксяндзом Дзмітрыем у сына не ўпершыню, яны ўжо добра ведаюць адзін аднаго, давяраюць адзін аднаму”, — кажа Марына Лобава. Паводле яе звестак, споведзь адбываецца ў прысутнасці прадстаўніка адміністрацыі, таму гэта не звычайнае спавяданне, а размова на незабароненыя тэмы ды роздум пра правіны, якія не агучваюцца.
Актывіст “Маладога фронту” Эдуард Лобаў быў асуджаны разам са Змітром Дашкевічам нібыта за бойку з мінакамі, якая адбылася за дзень да прэзідэнцкіх выбараў 2010 году. Ён атрымаў 4 гады зняволення, якія адбывае ў Івацэвіцкай калоніі.