Экс-дэпутатка Канапацкая падала заяву ў Генпракуратуру на міністра аховы здароўя
Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая падала ў Генпракуратуру заяву на міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. Яна просіць правесці праверку і прыцягнуць міністра да крымінальнай адказнасці.
На думку Канапацкай, міністр зрабіў дзеяні накіраваныя на максімальны распаўсюд каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі Беларусі; увёў у зман сваё кіраўніцтва і міжнародныя арганізацыі, даючы непраўдзівыя звесткі па захворвальнасці і смяротнасці. Акрамя таго, лічыць экс-дэпутатка, Каранік дэзінфармаваў насельніцтва наконт небяспекі распаўсюду каранавіруса.
Канапацкая лічыць, што міністр не прыняў меры па належным інфармаванні кіраўніцтва дзяржавы пра сапраўдную небяспеку каранавіруса, не інфармаваў насельніцтва, не забяспечыў сваіх падначаленых належнымі сродкамі індывідуальнай і калектыўнай абароны. Акрамя таго, ён не выканаў рэкамендацыі СААЗ па арганізацыі дыстанцыйнага навучання, забароне масавых мерапрыемстваў, увядзенні мераў па сацыяльным дыстанцыяванні.
У дзеяннях міністра Канапацкая бачыць парушэнне некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: непрыняцце мер па ратаванні людзей (арт. 307), непаведамленне інфармацыі пра небяспеку для жыцця людзей (арт. 308), парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур, вызначаных тэхнічнымі рэгламентамі, санітарных нормаў і правілаў (арт.336), службовы падлог (арт. 427), службовая халатнасць (арт. 428), злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі (арт. 424).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.